Наўмыснае ўтойваньне або няправільнае паведамленьне пра сымптомы новага каранавіруса COVID-19 будзе лічыцца крымінальным злачынствам, абвясьціў 15 лютага суд у Кітаі. Пра гэта паведамляе агенцтва БЕЛТА са спасылкай на кітайскую газэту Beijing Daily.
За такія паводзіны парушальнікам пагражае сьмяротнае пакараньне. Утойваньне гісторыі падарожжаў таксама будзе расцэнена як злачынства, адзначыў суд.
Калі з прычыны хваробы чалавека вірус распаўсюдзіцца далей і выкліча іншыя заражэньні, хворага могуць абвінаваціць у пагрозе грамадзкай бясьпецы, паведамляе выданьне. У асобных выпадках за гэта прадугледжваецца пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам да 10 гадоў, пажыцьцёвага зьняволеньня або нават сьмяротнае пакараньне.
Кітайская нацыянальная камісія ў справе аховы здароўя забараніла людзям з кашлем, ліхаманкай або іншымі сымптомамі хваробы падарожнічаць любымі відамі грамадзкага транспарту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першая сьмерць ад каранавірусу ў Эўропе: у Францыі памерла турыстка з Кітаю
Для барацьбы з эпідэміяй ўсе людзі, якія вяртаюцца ў Пэкін з іншых гарадоў і рэгіёнаў, павінны заставацца на карантыне на працягу 14 дзён. Парушальнікаў будуць караць.
Колькасьць пацьверджаных выпадкаў заражэньня каранавірусам у сьвеце цяпер складае 66 492. Паводле дадзеных Цэнтру сыстэмных дасьледаваньняў і інжынірынгу пры Ўнівэрсытэце Джона Гопкінса ў ЗША, 8399 чалавек вылечыліся ад гэтай хваробы.
Абмежаванае хаджэньне наяўных грошай
Народны банк Кітаю выпусьціў на рынак каля 600 мiльярдаў юаняў новымі банкнотамі ў сувязі з распаўсюджваньнем каранавіруса. Выкарыстаныя купюры адправяць на дэзінфэкцыю, а потым паставяць на карантын да 14 дзён, паведаміў намесьнік кіраўніка кітайскага Народнага банку Фань Іфэй, піша брытанская Daily Mail.
У горад Ухань, зь якога пачалося распаўсюджваньне новага каранавіруса, былі накіраваны 4 млрд юаняў у новых банкнотах, таксама быў прыпынены рух наяўнасьці паміж правінцыямі і ўнутры правінцый з найбольш цяжкай эпідэміялягічнай сытуацыяй. Улады Кітаю лічаць, што такія меры дапамогуць зьнізіць рызыку распаўсюджваньня заражэньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькасьць ахвяраў каранавіруса перавысіла 1,5 тысячы чалавек
У рэгіёнах, дзе зарэгістравана больш за ўсё тых, хто заразіўся, банкноты пройдуць ўльтрафіялетавую або высокатэмпэратурную дэзінфэкцыю і будуць захоўвацца ў банку два тыдні. Толькі пасьля гэтага іх зноў вернуць у абарачэньне.
Купюры, якія паступаюць з мэдычных устаноў і рынкаў, павінны падвяргацца спэцыяльнай апрацоўцы і захоўвацца ізалявана. Пасьля дэзінфэкцыі яны застануцца ў Народным банку, выдаваць іх не плянуюць.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ