Футбольны клюб «Манчэстэр Сіці» на два сэзоны адхілілі ад Лігі чэмпіёнаў

Цяперашні трэнэр «Манчэстэр Сіці» Жузэп Гвардыёла, архіўнае фота

Ангельскаму футбольнаму клюбу «Манчэстэр Сіці» на два наступныя сэзоны забаранілі ўдзельнічаць у Лізе чэмпіёнаў і аштрафавалі на 30 мільёнаў эўра. Паводле рашэнььня Зьвязу эўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЭФА), якое цытуе брытанскае выданьне The Guadian, клюб парушыў правілы «фінансавай сумленнай гульні».

УЭФА прызнала «Манчэстэр Сіці» вінаватым у фальшывым павелічэньні сваіх даходаў ад спонсараў, калі клюб падаваў дакумэнты, датычныя «фінансавай сумленнай гульні». Расьсьледаваньне было выклікана публікацыяй нямецкага часопіса «Der Spiegel» у лістападзе 2018 году, пасьля таго, як журналісты атрымалі доступ да шэрагу электронных лістоў і дакумэнтаў.

Высьветлілася, што ўласьнік клюбу горада, шэйх Мансур з кіруючай сям’і Абу-Дабі, употай дадаткова фінансаваў «Манчэстэр Сіці». Летась клюб быў чэмпіёнам Англіі. Кіраўніцтва «Манчэстэр Сіці» ўжо заявіла, што будзе падаваць апэляцыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь і Ўкраіна хочуць разам правесьці Алімпіяду. Колькі гэта каштуе