Па выніках сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна ў Сочы бакі дамовіліся захаваць цану на газ для Беларусі на ўзроўні 2019 году: 127 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў. 14 лютага старшыня праўленьня «Газпрома» і амбасадар Беларусі ў Расеі падпісалі пратакол аб фармаваньні цэнаў на пастаўкі газу ў 2020 годзе.
«Мы дамовіліся па цане на газ: 127, — казаў Лукашэнка 14 лютага. — Але мы ня будзем плаціць „Белтрансгазу“ 18 даляраў за тысячу „кубоў“. І выйдзе, як у мінулым годзе, 111 даляраў».
Але ў былым «Белтрансгазе» — цяперашнім «Газпрам трансгаз Беларусь» — парталу Tut.by далі іншае тлумачэньне цаны: 127 даляраў гэта цана бяз прэміяў на мяжы Расеі зь Беларусьсю.
«Плюс да гэтага 19 даляраў за тысячу кубамэтраў — надбаўка кампаніі за дастаўку газу спажыўцам», — растлумачылі ў кампаніі. Іншых камэнтароў там не далі.
У Міністэрстве энэргетыкі на момант публікацыі не патлумачылі разыходжаньні ў лічбах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: «Калі мне сказалі, што ў Сьветлагорску кепска пахне, разборкі былі жорсткія» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што ўгаварыў Пуціна адтэрмінаваць выплату крэдыту па БелАЭС, у Расеі кажуць іншае ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прыгразіў забіраць расейскую транзытную нафту