«Лукашэнка не гатовы дапусьціць перамены нідзе, нават у інфармацыйнай сфэры»

Аляксандар Лукашэнка падчас візыту на Завод газэтнай паперы, Шклоў, 24 студзеня 2020

Палітоляг Андрэй Елісееў тлумачыць, чаму Лукашэнка баіцца адключыць расейскія тэлеканалы, заяўляе, што канцэпт «стабільнасьці» ўжо колькі гадоў як зьмяніўся тэмай «справядлівасьці», і паказвае, як дзяржаўная прапаганда спрабуе любую паразу Лукашэнкі ператварыць у «перамогу».

Сьцісла

  • Менск рыхтуецца, што інфармацыйны ціск з боку Расеі можа быць узмоцнены.
  • Размова ідзе не пра забарону расейскіх тэлеканалаў, а пра забесьпячэньне насельніцтва больш разнастайным кантэнтам.
  • Беларусам малююць карціну сьвету на падставе погляду адной замежнай краіны.
  • Выбарчыя кампаніі Лукашэнкі ўжо даўно страцілі нейкі крэатыў. Ён проста зьвяртаецца да старых мэтадаў, якія калісьці працавалі.
  • Я ня бачу цяпер сыгналаў на тое, што Лукашэнка зьбіраецца абяцаць нейкія значныя перамены.

— Праз пэўны час пасьля чарговага раўнду перамоваў з расейскім кіраўніцтвам, якія скончыліся нічым, Лукашэнка праводзіць нараду наконт інфармацыйнай бясьпекі. Чаму ўлада чарговы раз занепакоілася гэтай тэмай? Ці дапамогуць новыя грашовыя ўкіданьні ў дзяржаўныя мэдыі, ці стануць гэтыя СМІ больш уплывовымі і масавымі?

Андрэй Елісееў

— Гэта перадусім зьвязана з апошнімі перамовамі, з тым, што Лукашэнку не ўдалося пераканаць Крэмль спыніць мэдыйную кампанію, якая ачарняе Беларусь і яго асабіста. Менск рыхтуецца, што інфармацыйны ціск з боку Расеі можа быць узмоцнены. Да таго ж гэта патрэбна як мэханізм дыскрэдытацыі ўнутраных беларускіх апанэнтаў.

— Сацыялёгія і аб’ектыўныя тэхнічныя замеры паказваюць, што большасьць беларусаў глядзіць расейскія тэлеканалы або расейскія перадачы на «гібрыдных» беларуска-расейскіх тэлеканалах. У чым тут справа? Ці сапраўды беларускім дзяржаўным СМІ не хапае рэсурсаў, ці праблема найперш у творчай несвабодзе?

— На якасьці беларускага тэлебачаньня, вядома, адбіваецца цэнзура. Напрыклад, яны проста не паведамляюць пра некаторыя надзвычай важныя для грамадзкасьці тэмы. Узяць хаця б леташні інцыдэнт з «крывавым салютам» ці некаторыя перамовы з Масквой, пра якія альбо не казалі ўвогуле, альбо не давалі шмат часу.

Мы бачым, што дзяржаўныя тэлеканалы, іхнія праграмы дублююць адна адну. Там няма ніякай рознасьці ў поглядах. У гэтым сэнсе я ня бачу ніякай карысьці ад стварэньня новага навінавага каналу.

Калі казаць пра інфармацыйную бясьпеку, дык тут патрэбныя канкрэтныя заканадаўчыя зьмены і практычныя дзеяньні. Трэба зьмяніць пастанову Савету Міністраў, якая рэгулюе сьпіс абавязковых агульнадаступных тэлеканалаў. Фактычна 4 з 9 агульнадаступных тэлеканалаў — гэта «гібрыдныя». Усе яны зацыкленыя на адну замежную краіну. Трэба заканадаўча абавязаць кабэльных апэратараў абмежаваць долю тэлеканалаў адной краіны ў пакеце. Напрыклад, 60 працэнтаў. Бо цяпер там нярэдка каля 90 працэнтаў — гэта каналы адной краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці адключыць Лукашэнка расейскія тэлеканалы

Размова ідзе не пра забарону расейскіх тэлеканалаў, а пра забесьпячэньне насельніцтва больш разнастайным кантэнтам. Бо ўся былая і цяперашняя стратэгія беларускіх уладаў якраз абмежавальная. Бо стварылі цэнзураваную дзяржаўную сетку тэлеканалаў — і адначасова ўпіхнулі беларусаў у спажываньне навінаў з адной крыніцы. Беларусам малююць карціну сьвету на падставе погляду адной замежнай краіны. Трэба ўразнастаіць тэлевізійнае мэдыяспажываньне насельніцтва і даць яму выбар. І тут ніяк не абысьціся без канкрэтных заканадаўчых захадаў.

— Але гэта Лукашэнку раяць ужо даўно, і нават сам кіраўнік Беларусі пра гэта кажа ўжо ня першы год — але нічога кардынальнага ня робіць. Значная частка насельніцтва Беларусі, асабліва старэйшая частка, электарат Лукашэнкі, даўно прывыкла спажываць расейскі тэлеэфір. Дык каго Лукашэнка больш баіцца, калі ня робіць ніякіх захадаў — Масквы ці расчараваньня і абурэньня свайго ж электарату?

— Вы добра адзначылі, што фактычна насельніцтва ўпіхнулі ў заганнае расейскае кола мэдыяспажываньня, яно звыклася з гэтым, і цяпер гэта цяжка мяняць. Але гэта трэба мяняць, трэба рабіць кантэнт больш разнастайным, беларусы павінны мець свабоду выбару крыніц інфармацыі. Хай беларусы маюць доступ да тэлеканалаў іншых суседніх краін. Летась дадалі адзін украінскі тэлеканал, але гэтага мала. Беларусы дагэтуль ня маюць доступу да польскіх, літоўскіх, латвійскіх тэлеканалаў.

Чаму нічога ня робіцца? Проста няма палітычнай волі. Тут і чыста псыхалягічная прычына. Лукашэнка ня хоча рабіць ніякіх зьменаў у любой сфэры, ён не гатовы да рэформаў ні ў якай галіне. Гэта жаданьне пакінуць усё як ёсьць, магчыма, крыху падкруціць, але не рабіць значных рухаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі беларускіх перадач на беларускай тэлевізіі. Адной карцінкай

— Зь якой ідэалёгіяй, зь якімі лёзунгамі ўлада пойдзе на гэтыя прэзыдэнцкія выбары?

— Я пакуль ня бачу ніякай выбарчай стратэгіі, хутчэй нейкая разгубленасьць наконт гэтага. Ці весьці кампанію на падставе крытыкі Расеі, ці наадварот, маляваць вобраз станоўчых стасункаў? Цяпер мэдыйны мэсыдж хутчэй зьмяшаны. Асьвятленьне апошняй сустрэчы ў Сочы і візыту Пампэо адбываецца ў зьмяшаным ключы.

Выбарчыя кампаніі Лукашэнкі ўжо даўно страцілі нейкі крэатыў. Ён проста зьвяртаецца да старых мэтадаў, якія калісьці працавалі. Скажам, імідж строгага, але справядлівага гаспадара, імідж змагара з карупцыяй, імідж здаровага і актыўнага чалавека, імідж кіраўніка, які рупіцца пра людзей. У сувязі з гэтым — паездкі па мясцовых прадпрыемствах. Летась гэтыя паездкі рабіліся па схеме — адна на рэгіён.

— То бок вы лічыце, што тэма пагрозы незалежнасьці, якая, здавалася, будзе стрыжневай — ня будзе для Лукашэнкі асноўнай падчас выбарчай кампаніі?

— Цяпер вельмі зьмяшаны мэсыдж ад дзяржаўных СМІ. Адначасова гаворыцца пра рызыку сувэрэнітэту, круцяцца нейкія антырасейскія заявы — але разам з тым нейкай сталай антырасейскай навалы няма, як гэта было летась цягам некалькіх месяцаў. Наадварот, апошні тыдзень назіраецца спроба паказаць, што адносіны з Расеяй нармалізуюцца. «Пошли на мировую», як назваў сюжэт адзін зь дзяржаўных тэлеканалаў.

Тэма сувэрэнітэту — гэта вельмі зручная рыторыка. Але пакуль не выглядае, што прэзыдэнцкая кампанія будзе грунтавацца на суцэльнай крытыцы Расеі і ўскладаньня на яе суцэльнай віны за эканамічныя цяжкасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нічога новага. Лукашэнка гаворыць пра «інкарпарацыю» з боку Расеі ўжо 18 гадоў

— А вечназялёная тэма стабільнасьці і дабрабыту? Цяпер «стабільнасьць замест росту» многіх ужо абурае, дабрабыту няма. Дык у такой сытуацыі ці можа Лукашэнка перайсьці да абяцаньняў нейкіх пераменаў у будучыні?

— Рыторыка нейкіх асьцярожных зьменаў можа ўжывацца. Як заўсёды кажа Лукашэнка, ня трэба нешта радыкальна ламаць, трэба толькі падкруціць. Я ня бачу цяпер сыгналаў на тое, што Лукашэнка зьбіраецца абяцаць нейкія значныя перамены. Хоць іх насельніцтва Беларусі, паводле сацыёлягаў, вельмі чакае.

Што да стабільнасьці, то гэты канцэпт апошнія пару гадоў замяніўся канцэптам «справядлівасьці». Справядлівае рашэньне ў любой сфэры — так гэта выглядае цяпер.

Вядома, ужываюцца спробы перакруціць для публікі любую паразу Лукашэнкі ў «перамогу». Найлепшы доказ — гэта заявы беларускіх чыноўнікаў наконт перамоваў у Сочы. Менск там нічога не дамогся, а віцэ-прэм’ер Круты і тэлеканалы дэманструюць проста цуды круцельства, калі кажуць, што беларускі бок дамогся ўсяго таго, для чаго ехаў у Сочы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ультыматум Мядзьведзева»: альтэрнатыўная гісторыя
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чалы: Надзея на пазытыўнае рашэньне спрэчкі з Расеяй ужо зьнікла