Сьледчыя кажуць, выкладчык неаднаразова набываў марыхуану і распаўсюджваў яе сярод непаўналетніх.
Сьледчы камітэт завяршыў расьсьледаваньне крымінальнай справы 38-гадовага горадзенскага выкладчыка робататэхнікі Андрэя А. і перадаў матэрыялы пракурору для накіраваньня ў суд.
Як сьцьвярджае СК, мужчына зь верасьня 2018 году па кастрычнік 2019-га «неаднаразова набываў небясьпечны наркатычны сродак марыхуану, які распаўсюджваў сярод непаўналетніх». Акрамя ўласна марыхуаны, расказваюць сьледчыя, ён даваў вучням спэцыяльныя прыстасаваньні для ўжываньня рэчыва і дазваляў карыстацца памяшканьнем для спажываньня — пакоем гуртку.
«Варта адзначыць, што сам 38-гадовы жыхар абласнога цэнтру, а таксама падлеткі на наркалягічным уліку не былі, раней да адказнасьці не прыцягваліся», — дадае СК.
Раней праваахоўнікі казалі, што наркатычным сродкам мужчына дзяліўся прынамсі з трыма падлеткамі 14–16 гадоў. Яго затрымалі якраз у час курэньня марыхуаны ў адным з памяшканьняў, дзе ладзіліся заняткі.
Мужчыну выставілі абвінавачаньне адразу паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: за «набыцьцё і захаваньне наркотыкаў з мэтай продажу» (ч.3 арт. 328), за «схіленьне непаўналетніх да ўжываньня наркатычных сродкаў» (ч.2 арт. 331) і за «прадстаўленьне памяшканьня для ўжываньня наркатычных сродкаў» (ч.1 арт. 332). Найбольшае пакараньне прадугледжвае першы артыкул: ад 8 да 15 гадоў пазбаўленьня волі з магчымым штрафам.
Андрэй А. жанаты, мае траіх дзяцей. Адным зь першых адкрыў у цэнтры Горадні студыю робататэхнікі. Туды хадзілі дзеці ва ўзросьце ад 6 гадоў. Заняткі праходзілі ў працоўныя дні і ў выходныя. Бацькі кажуць, што ня ўсе маглі трапіць, бо студыя вельмі папулярная. Цэны там самыя нізкія ў горадзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзеці па ім млелі». Бацькі стаяць гарой за выкладчыка робататэхнікі, якога «ўзялі» за марыхуану