Каб зрабіць дзяржаўны герб «больш сучасным», дададуць залатога колеру, а зорку зробяць «менш мілітарысцкай».
«Зьмяніліся канцы асьцюкоў калосься»
Распрацоўвала праект закону аб зьменах у закон аб дзяржаўных сымбалях Міністэрства юстыцыі. Там карэспандэнту Свабоды паведамілі, што прапануюцца «нязначна адрэдагаваныя» эталённыя выявы дзяржаўнага герба ў адным, двух і многіх колерах.
Над зьменамі ў выяве герба, якія ў міністэрстве называюць «тэхнічнымі», працавала геральдычная рада пры прэзыдэнце Беларусі.
У верхняй частцы герба падкарэктавана выява зоркі, яна прадстаўлена ў плоскасным варыянце з контурнай абводкай, і краі промняў маюць нязначны нахіл, там мяняецца градыент.
Гэта робіцца дзеля таго, каб выява герба была больш аб’ёмная. Цяпер усё часьцей кажуць пра 3Д-выяву, і трэба, каб герб глядзеўся яшчэ прыгажэй», — сказалі ў прэс-службе міністэрства.
- Мадэляваньне формы каласоў у правай і левай частках прыведзена ў дэкаратыўным варыянце.
- Зьмяніліся канцы асьцюкоў, выявы кветак канюшыны і лёну сталі больш аб’ёмнымі.
- Удакладнена выява стылізаванага контуру тэрыторыі дзяржавы.
- Выявы мацерыкоў сталі больш выразнымі і геаграфічна выверанымі.
- Сеткі паралеляў і мэрыдыянаў ня будуць ярка выяўленымі, стануць танчэйшымі.
- Больш выразным будзе мастацкае рашэньне стужкі з надпісам „Рэспубліка Беларусь“.
Падставай для зьменаў сталі прапановы грамадзян.
«Менавіта ад грамадзян гучала прапанова зьмяніць грані зоркі, бо ў папярэднім варыянце грані вельмі выразныя, і быў нейкі мілітарысцкі характар, як у вайсковай зоркі. Дык вось ад гэтага адышлі, зорка стала больш аб’ёмнай. І таксама многім не падабаліся лініі мэрыдыянаў, таму яны сталі сьвятлейшымі. У выніку цяперашні стандарт стаў больш тэхнічна дасканалым», — сказалі ў прэс-службе.
Акрамя таго, зялёны контур Беларусі замянілі на залаты, каб ён лепш спалучаўся з сонечнымі промнямі.
У Міністэрстве юстыцыі патлумачылі, што канкрэтныя тэрміны замены старога гербу на абноўлены ва ўстановах ня вызначаныя. «Да эталёну мы прыйдзем паэтапна, паступова. Ня трэба будзе імгненна выдзяляць фінансавыя сродкі для замены», — сказалі ў міністэрстве.
Дэпутат палаты прадстаўнікоў Віктар Сьвіла сказаў карэспандэнту Свабоды, што замена афіцыйнага герба зь зялёным контурам на герб з залатым контурам будзе адбывацца паступова, і гэта не запатрабуе дадатковых сродкаў зь бюджэту.
«Каштаваць ня будзе ніколькі, бо зьмест нашых сымбаляў не мяняецца. У законапраекце прадугледжаны пераходны пэрыяд. Ён не вымушае ўласьнікаў траціць нейкія сродкі на іх замену проста цяпер, адразу як будзе прыняты гэты закон. Наогул, бюджэт не панясе выдаткаў», — сказаў дэпутат.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Леанід Сініцын: Я — аўтар герба і сьцяга, а зорачка — ад ЦіцянковаАўтарам цяперашняга герба Беларусі раней называў сябе Леанід Сініцын, які ў 1995 годзе быў кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта. Ён сказаў, што маляваў эскіз, які дапрацаваў мастак. Дагэтуль няма пэўнасьці, хто з мастакоў давёў справу да канца, зрабіў каляровае афармленьне. Хадзілі чуткі, што герб дамалёўваў сын народнага мастака Міхаіла Савіцкага Андрэй.
Аўтар «зорачкі» на гербе, як сьцьвярджаў Сініцын, — Іван Ціцянкоў, былы кіраўнік спраў прэзыдэнта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хай Пазьняк задушыцца». Як апэратар Лукашэнкі выпадкова зьняў зьнішчэньне бел-чырвона-белага сьцяга ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З Расеі ў Эўропу. Глёбус на абноўленым гербе Беларусі заўважна павярнулі. Чаму?