Міністэрства культуры Беларусі 12 лютага папоўніла сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў чатырма нематэрыяльнымі праявамі чалавечай творчасьці.
У сьпіс дадалі:
- беларускія мастацкія практыкі саломапляценьня;
- традыцыі інсытнага (наіўнага) мастацтва Віцебшчыны (да такога мастацтва адносяць, напрыклад, працы Язэпа Драздовіча з Глыбоччыны);
- традыцыю выпяканьня грачанага хлеба на тэрыторыі Маларыцкага раёну Берасьцейскай вобласьці;
- традыцыі і тэхналёгіі выпяканьня хатняга хлеба ў вёсках Жораўка і Кузьмічы Любанскага раёну Менскай вобласьці.
Агулам у сьпісе гісторыка-культурных каштоўнасьцяў больш за 5500 пунктаў. Гэта як нематэрыяльныя, так і фізычныя аб’екты: будынкі, помнікі, могілкі, карціны...
У мінулым месяцы ў сьпіс дадавалі традыцыі вясновых карагодаў зь вёскі на Піншчыне, шчадраваньня — «Конікі», выпечкі — «Поразаўская банкуха», вырабу дываноў у тэхніцы аплікацыі саломкай на тканіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ціха-спакойна ўкачалі б пад асфальт». Кіраўніцтва Інстытуту гісторыі абурыла зруйнаваньне пахаваньняў у Гальшанах