Ад недахопу нафтапрадуктаў беларускія сеткі аўтазаправачных станцый, якія належаць расейскім кампаніям, хочуць закупляць паліва ў суседніх краінах, паведамляе агенцтва Reuters.
Цяпер на раздробным рынку Беларусі працуюць «Лукойл», «Газпромнефть», «Роснефть» і «Татнефть». Сумарна яны валодаюць каля 20% ад агульнай колькасьці АЗС у Беларусі.
Расейскія кампаніі, зацікаўленыя ў разьмяшчэньні аўтазаправачных сетак у Беларусі, ня могуць забясьпечваць свае АЗС расейскімі нафтапрадукатамі — забарона на такія пастаўкі была ўведзена Масквой у 2018 годзе. Просьбы дазволіць часовы імпарт нафтапрадуктаў у Беларусь з Расеі атрымалі адмову, а «Белнафтахім» нібыта абмежаваны ў рэсурсах.
У «Газпромнефти» агенцтву расказалі, што сетка АЗС кампаніі сутыкнулася з абмежаваньнямі аптовых продажаў бэнзіну і дызпаліва з боку канцэрну «Белнафтахім». У адказ кампанія вырашыла наладзіць пастаўкі з-за мяжы — з Польшчы або краінаў Балтыі. Штомесяц запраўкам «Газпромнефти» патрабуецца да 5 тысяч тон аўтабэнзіну і 20 тысяч тон дызэльнага паліва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кампанія Гуцэрыева паставіць паліва для расейскіх заправак у БеларусіРаней СМІ паведамілі, што некаторыя запраўкі «Лукойлу» ўвялі абмежаваньні на рэалізацыю дызпаліва, але неўзабаве ліміты былі знятыя. У прадстаўніцтве «Лукойл-Беларусь» кажуць, што сёньня дэфіцыту паліва іхныя АЗС не адчуваюць.
У «Белнафтахіме» заявілі аб «нэрвознасьці» расейскіх калегаў
У офісе «Белнафтахіму» праблемы з пастаўкамі на ўнутраны рынак адмаўляюць. Прадстаўнік канцэрну Аляксандар Цішчанка ў размове са Свабодай запэўніў, што заводы вырабляюць дастаткова паліва, а кампаніі забясьпечваюцца ў адпаведнасці зь іх запатрабаваньнямі.
Паводле Цішчанкі, канцэрн прапаноўваў мацярынскім кампаніям расейскіх прадстаўніцтваў супрацу паводле давальніцкіх схемаў (каб расейскія кампаніі завозілі нафту ў Беларусь, а беларускія заводы з той нафты рабілі паліва для расейскіх заправак), але паразуменьня бакі не знайшлі.
Што да «нэрвознасьці» расейскіх калегаў, то спадар Цішчанка сьпісвае гэта на складанасьці перамоўнага працэсу аб энэргарэсурсах.
З прычыны канфлікту паміж Масквой і Менскам адносна цэнаў на нафту адзінымі пастаўшчыком расейскай сыравіны ў Беларусь ад пачатку году застаюцца кампаніі групы «Сафмар» Міхаіла Гуцэрыева. Гэтых аб’ёмаў недастаткова для загрузкі НПЗ у Мазыры і Наваполацку, што правакуе чаканьне паліўнага дэфіцыту.
Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь. Што здарылася
- 1 студзеня 2020 году Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, але расейская нафта працягвае паступаць транзытам празь Беларусь у Эўропу.
- Беларусь і Расея дагэтуль не дамовіліся пра пастаўкі нафты ў 2020 годзе, хоць Лукашэнка і Пуцін вялі перамовы 30 і 31 сьнежня.
- Прыняты толькі «індыкатыўны балянс»: Расея можа паставіць 24 млн тонаў нафты на год. У 2019-м столькі і паставілі: 18 млн т пайшлі на перапрацоўку, яшчэ 6 млн т на «перамытненьне». Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, Беларусі на ўласныя патрэбы хапае 6–7 млн тонаў — астатняе ішло на нафтапрадукты для экспарту або на «перамытненьне».
- 31 сьнежня 2019 году Лукашэнка даручыў завозіць нафту з партоў Балтыі і залучыць альтэрнатыўныя пастаўкі праз магістральны нафтаправод «Дружба».
- Пакуль Мазырскі НПЗ пачаў атрымліваць нафту толькі ад кампаніі расейскага алігарха Гуцэрыева — чакаецца пастаўка ўсяго 750 тысячаў тонаў.
- Беларусь дамовілася пра імпарт 80 тонаў нарвэскай нафты Johan Sverdrup з пастаўкай у літоўскі порт Клайпеда. У Беларусі чакаюць пачатку разгрузкі ўвечары 22 студзеня. Перавалка і транспарт да НПЗ чыгункай будуць каштаваць больш за 20 даляраў за тону.
- Гатоўнасьць транспартаваць нафту ў Беларусь на пастаяннай аснове ўжо выказалі суседнія Латвія (магчымыя аб’ёмы не абвяшчаліся) і Літва (да 3 млн тонаў на год). Пры чым Літва гатовая дастаўляць і газ. Па стане на 21 студзеня «Белнафтахім» мае «практычна гатовыя кантракты» на альтэрнатыўныя пастаўкі.
- Беларускія НПЗ у першай палове студзеня працавалі на леташніх запасах, аб’ёму якіх хапала прыкладна на 20 дзён працы. Экспарт нафтапрадуктаў Беларусь часова прыпыняла ад 1 студзеня, аднавіла ад 21-га.
- Паводле неафіцыйных зьвестак «Інтэрфаксу», Беларусь прапанавала рэалізаваць варыянт разавай пастаўкі нафты з рэсурсаў незалежных пастаўшчыкоў з мэтай павелічэньня запасаў сыравіны на НПЗ на час правядзеньня перамоваў.
- Публічна ж Лукашэнка 21 студзеня паставіў задачу зьнізіць пастаўкі нафты з Расеі да 30-40% ад неабходных аб’ёмаў: «працэнтаў 30 мы павінны з Балтыкі завозіць і працэнтаў 30 праз Украіну». Пастаўкі з Казахстану, заявіў ён, заблякавала Расея.
- Менск і Масква дасюль не ўзгаднілі кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр. У беларускі бюджэт-2020 закладзеныя страты ў памеры 951 млн рублёў.
- Расея дагэтуль не кампэнсавала Беларусі страты за пастаўкі бруднай нафты ў красавіку 2019 году — толькі 20 студзеня 2020-га дамовіліся пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі.
Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, якая багацее на суседзкай нафце, — эканаміст
Усё пачалося з Пуціна. Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі
Ці ўратуе Беларусь эўрапейская нафта? Разьбіраемся з экспэртамі