Сем чалавек асуджаныя на тэрміны ад 6 да 18 гадоў у справе аб тэрарызьме. Фігуранты і праваабаронцы заяўляюць пра жорсткія катаваньні падчас сьледзтва. У Вікіпэдыі і СМІ дагэтуль сьцьвярджаецца, што ў «Сети» было аддзяленьне ў Беларусі.
Разьбіраемся, адкуль у гэтай справе магла ўзяцца Беларусь.
«Усё пачалося ўвосень 2018 году, калі зьявілася інфармацыя, што затрыманыя некалькі актывістаў у Пензе і Санкт-Пецярбургу, — кажа праваабаронца Наста Лойка. — Іх абвінавацілі ў тэрарыстычнай змове. Нібыта была вялікая арганізацыя «Сеть», якая мелася ажыцьцяўляць тэрарыстычныя акты ў Расеі і ў Беларусі, як тады пісалі».
Паводле вэрсій расейскіх праваахоўных органаў, тэрарыстычныя акты меліся быць зьдзейсьненыя падчас прэзыдэнцкіх выбараў і падчас чэмпіянату сьвету па футболе ў 2018 годзе.
«Справа разьвівалася, у пэўны момант іх абвінавачвалі ў тым, што яны стварылі сетку анархісцкіх арганізацый, што само па сабе дзікасьць, бо ў анархістаў не бывае структур, — кажа расейская праваабаронца Аляксандра Кірыленкава. — У матэрыялах справы зьявілася інфармацыя, што гэта ня толькі Піцер і Пенза, але і Масква і Беларусь».
«Пра датычнасьць беларусаў мы ведаем з адной заявы, якая была зробленая на нейкай прэс-канфэрэнцыі ФСБ-шнікамі, — кажа прадстаўнік анархісцкага руху Мікалай Дзядок. — Ані да гэтага, ані пасьля гэтага ніхто больш Беларусь не прыгадваў».
Таму трэба задаць сабе пытаньне, ці сапраўды яна была. І ня трэба забывацца, што ўсе паказаньні па гэтай справе выбіваліся пад катаваньнямі».
«Іх прывязвалі, зьбівалі, катавалі электратокам. Я, папраўдзе, ня чула пра такія працяглыя катаваньні ў Беларусі», — кажа Наста Лойка.
Большасьць абвінавачаных прызналі сваю віну, але пасьля адмовіліся, заявіўшы, што зрабілі гэта пад катаваньнямі.
«Катаваньні пацьверджаныя, удалося зафіксаваць траўмы ў СІЗА, — кажа Аляксандра Кірыленкава. — У судзе на гэта адрэагавалі заявай, што „ставяцца да гэтай інфармацыі крытычна“. Адпаведна, катаваньняў не прызналі і лічылі, што ўсе паказаньні дадзеныя добраахвотна».
У Беларусі анархісцкі рух справа «Сети» не закранула
Наста Лойка кажа, што ў праваабаронцаў была занепакоенасьць пасьля таго, як зьявілася інфармацыя пра «ячэйку ў Беларусі».
«Мы чакалі, што пачнецца нейкая актывізацыя, бо ў апошнія гады і так рэгулярна перасьледуюць актывістаў анархісцкага руху ў Беларусі — прыходзяць з аглядамі, затрымліваюць на суткі, заводзяць крымінальныя справы. Гэта стала нормай, — тлумачыць Лойка. — А тут баяліся, што гэта стане нагодай, каб масава гэта рабіць, таму і рыхтаваліся».
Наста Лойка кажа, што пасьля гэтай заявы Беларусь ніхто ў справе «Сети» больш ня згадваў. Пра перасьлед анархістаў з гэтай нагоды яна таксама ня ведае.
«Прамой разнарадкі не было, а беларускі бок ня вельмі быў зацікаўлены, адразу разумеючы, што справа абсурдная, — мяркуе Лойка. — Афіцыйна, наколькі я ведаю, нікога не запытвалі і ніяк ня зьвязвалі з гэтай справай».
«У Беларусі анархісцкі рух справа „Сети“ аніяк не закранула, акрамя таго, што мы ладзілі акцыю салідарнасьці з арыштаванымі расейцамі, якіх катавалі», — пацьвярджае Мікалай Дзядок.
«Магчыма, адпачатку хацелі паказаць маштаб, нібыта шмат хто ў гэтую „Сеть“ уключаны. Канечне, усе актывісты так ці інакш паміж сабой знаёмыя, — кажа Наста Лойка. — Была гісторыя, што аднаго з актывістаў выслалі з Расеі прыблізна ў той час, калі гэтая справа пачалася».
Па словах Насты Лойкі, некалькі анархістаў паведамлялі, што іх не пускалі на тэрыторыю Расеі.
«У адным выпадку чалавеку трэба было з аэрапорту ў аэрапорт пераехаць, але яму не дазволілі і прымусілі набываць квіткі ў Менск», — кажа Лойка.
Як справа «Сети» ўплывае на становішча з правамі чалавека ў Расеі і Беларусі
Мікалай Дзядок кажа, што гэта спроба «дэманстратыўнага пакараньня».
«Я прачытаў камэнтар прэс-сакратара прэзыдэнта Дзьмітрыя Пяскова. Ён сказаў, што прэзыдэнт ведае пра справу, яму ня раз дакладалі, і кажа, што „мы ня можам умешвацца ў дзейнасьць сьледчых органаў“. Хутчэй за ўсё, Пуцін заняў пазыцыю чэкісцкай салідарнасьці. Бо чэкісты хочуць любую спробу збройнага супраціву ці нават намёку на яго караць максымальна жорстка», — тлумачыць Мікалай Дзядок.
«На жаль, вельмі часта нашыя ўлады абменьваюцца рэпрэсіўнымі практыкамі. Я апасаюся, што падобныя тэндэнцыі могуць зьявіцца і ў Беларусі ў дачыненьні да актывістаў анархісцкага руху, — кажа праваабаронца Наста Лойка. — Добра, што гэтага пакуль ня здарылася. Але мы пабачылі самы нэгатыўны малюнак, які можа адбывацца ў тым ліку і ў нас, калі ўсё будзе разьвівацца па кепскім сцэнары».
Што такое справа «Сети»
Вайсковы суд у Пензе прысудзіў ад 6 да 18 гадоў пазбаўленьня волі абвінавачаным у справе арганізацыі «Сеть». Іх прызналі вінаватымі ў стварэньні тэрарыстычнай супольнасьці, незаконным захоўваньні зброі, а таксама ў спробе збыту наркотыкаў.
Сем абвінавачаных, ва ўзросьце ад 23 да 31 году, віну адмаўляюць і настойваюць, што падчас сьледзтва іх катавалі токам і прымушалі агаварыць сябе і іншых. Расейскі праваабарончы цэнтар «Мемориал» унёс абвінавачаных па гэтай справе ў сьпіс палітычных зьняволеных.
Паводле вэрсіі абвінавачваньня, тэрарыстычную супольнасьць «Сеть» стварыў Дзьмітрый Пчалінцаў, які асуджаны на 18 гадоў строгага рэжыму. Супольнасьць нібыта павінна была аб’яднаць расейскіх анархістаў у «баявыя групы, якія ставяць сваёй мэтай гвалтоўнае зьмяненьне канстытуцыйнага ладу».
Абвінавачаньне сьцьвярджае, што «Сеть» была падзелена на ячэйкі, якія функцыянавалі ня толькі ў Пензе, але і ў Санкт-Пецярбургу, Маскве і Менску. Аднак пра нейкія затрыманьні ў Беларусі па гэтай справе невядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З 1 сакавіка невыязныя беларусы праз Расею выехаць ня змогуць ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Разабрацца жэстачайшэ!» Да якіх крымінальных спраў спрычыніўся Лукашэнка і чым гэта закончылася