1 сакавіка запрацуе адзіная база «невыязных» Беларусі і Расейскай Фэдэрацыі. Зьехаць за мяжу праз Расею, зь якой у Беларусі празрыстая мяжа і няма пашпартнага кантролю, ужо не атрымаецца.
Свабода даведалася, колькі ў Беларусі невыязных, наколькі апэратыўна будуць уносіцца зьвесткі ў гэтую базу, як перастрахавацца і не апынуцца перад закрытай мяжой.
Хто можа трапіць у сьпіс невыязных?
Прычыны адмовы ў выезьдзе могуць быць ня толькі такія сур’ёзныя, як, да прыкладу, крымінальная справа ці ўхіленьне ад прызыву ў войска. Апынуцца перад закрытай мяжой можа і той, хто мае даўгі, меў ці мае праблемы з выплатай крэдыту, штрафу, доўга не плаціў алімэнты або істотна пратэрмінаваў камунальныя плацяжы.
Усе гэтыя выпадкі прапісаныя ў законе «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь».
У законе ёсьць адмысловы артыкул 7 зь дзесяці пунктаў — «Падставы для часовага абмежаваньня права грамадзян на выезд з Рэспублікі Беларусь».
У агульным сьпісе каля 40 тысяч беларусаў і мільёны — расейцаў
Міністэрствы ўнутраных спраў Беларусі і Расеі да 1 сакавіка плянуюць завяршыць фармаваньне агульнага сьпісу грамадзян, чыё права на выезд за мяжу часова абмежаванае. Інфармацыю аб невыязных асобах давядуць да ўсіх без выключэньня пунктаў пропуску на дзяржаўных межах абедзьвюх краін, сказаў Свабодзе начальнік Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун.
«Мы ўжо дамовіліся па фарматах, нашы зьвесткі пра беларускіх грамадзян мы перадаём у Расейскую Фэдэрацыю, яны прымаюць іх і разьмяшчаюць ва ўсіх пунктах пропуску — ня адрасна ў пэўных міжнародных аэрапортах, а паўсюль: і ў наземных, і ў марскіх, і ў паветраных пунктах пропуску».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Электронныя вароты» на беларускай мяжы ўзаконіліНа пытаньне, колькі беларусаў і колькі расейцаў могуць трапіць у сьпісы невыязных, Аляксей Бягун адказаў, што беларусаў — некалі дзясяткаў тысяч, а расейцаў можа быць некалькі мільёнаў.
«Беларусаў даволі шмат у сьпісе невыязных — прыкладна тысяч 40. Ну, а расейцы нас палохаюць мільёнамі», — кажа ён.
Тэхнічна стварыць такую агульную базу было вельмі складана, прызнаецца начальнік Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі.
«Проста аспэкты вядзеньня рэсурсаў, уліку ў адной і другой краіне вельмі розныя. Таму праца так доўга і пасьлядоўна ідзе: спачатку на адну катэгорыю, потым на другую — вельмі складана было тэхнічна ўсё зрабіць. Але цяпер мы практычна ўсё ўзгаднілі — каб была апэратыўнай як пастаноўка на кантроль, так і зьняцьце з кантролю», — запэўніў палкоўнік міліцыі.
МУС: «Будзем старацца дзейнічаць апэратыўна, але фактар часу трэба ўлічваць»
Беларусы па-ранейшаму на сайце МУС у рэжыме онлайн змогуць спраўдзіць, ці ёсьць яны ў сьпісе невыязных, тут нічога не мяняецца, запэўніў Аляксей Бягун. Можна таксама асабіста зьвярнуцца ў АГіМ або, калі чалавек за мяжой, у консульскую ўстанову.
Аднак калі, да прыкладу, суд вынес рашэньне зьняць з чалавека абмежаваньні ў выезьдзе за мяжу, трэба будзе яшчэ дачакацца, пакуль гэтая інфармацыя дойдзе да агульнай базы невыязных Беларусі і Расеі.
«Вобразна кажучы, калі вы атрымалі рашэньне суду 10 лютага, што вам дазволены выезд пасьля часовай забароны, то па інфармацыйных каналах гэтае рашэньне павінна трапіць у МУС Беларусі, адтуль — у Расейскую Фэдэрацыю, а потым яшчэ ва ўсе пункты пропуску. То бок фактар часу ўсё адно прысутнічае. Рашэньне ва ўсе пункты пропуску імгненна ня трапіць. Гэта ўсё адно выгрузка, абарона інфармацыі, абароненыя каналы сувязі — гэта цэлы комплекс прац. Будзем старацца дзейнічаць апэратыўна, але фактар часу трэба ўлічваць», — раіць начальнік Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Аляксей Бягун.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лічба дня: колькі расейцаў ня трапілі ва Ўкраіну празь Беларусь
Праваабаронца: «І адна, і другая краіна ня вельмі сябруюць з правам і з прававымі працэдурамі»
Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак кажа, што стварэньне агульнай базы невыязных Беларусі і Расеі — цалкам лягічнае рашэньне.
«Паколькі паміж нашымі краінамі няма мяжы, няма пашпартнага кантролю — лягічна, што павінны быць агульныя базы па невыязных, па неўязных, гэтаксама як гэта зроблена ў Эўразьвязе, у зоне „шэнгену“», — перакананы праваабаронца.
Але адзін і той жа інструмэнт у добрых руках можа быць карысны, у дрэнных руках — шкодны, мяркуе спадар Гулак і прыводзіць прыклад са скальпэлем у руках хірурга і ў руках бандыта.
«Але і адна, і другая краіна ня вельмі сябруюць з правам і з прававымі працэдурамі. І калі раней мінімізаваць дрэннае прымяненьне працэдур можна было шляхам таго, што была магчымасьць праехаць празь іншую краіну, то зараз такой магчымасьці ня будзе», — кажа праваабаронца Алег Гулак.
Ці можа зьявіцца зноў перасьлед па палітычных матывах, як было з двума дзясяткамі праваабаронцаў, палітыкаў, журналістаў у 2012 годзе, калі па надуманых матывах іх не выпускалі з краіны? На гэтае пытаньне Алег Гулак, які, дарэчы, таксама з гэтым сутыкнуўся, адказаў так:
«Будуць яны такім жа чынам гуляцца зараз? Ці ўсё ж такі таму, што гэта міжнародная база, будуць больш адказна ставіцца? Тут вялікае пытаньне. Гэта тычыцца і нашых, і расейскіх службаў.
Але памежныя службы, у якіх будуць сьпісы забароны на выезд, яны ж не займаюцца кантролем за законнасьцю ўнясеньня ў гэтыя сьпісы. Яны будуць выконваць сваю функцыю і спыняць той ці іншы бок. А наколькі законна была накладзена забарона — пытаньне», — кажа праваабаронца Алег Гулак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Уся Беларусь да нас па гарэлку ходзіць». Як жыве беларуская вёска, куды можна трапіць празь мяжу з Украінай ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сергеенка замест Качанавай — змагар са шпіёнамі замест «добрай цётачкі»