Раніцай 4 лютага ў Менску 4-гадовае дзіця з кітайскай сям’і выпала з вакна жылога дому і памерла, нягледзячы на намаганьні мэдыкаў, паведаміў Telegram-канал Nexta Lite са спасылкай на ўласныя крыніцы. У Сьледчым камітэце Свабодзе пацьвердзілі: ідзе праверка адносна такога здарэньня.
Праверку праводзіць Маскоўскі раённы аддзел СК у Менску. Іншых дэталяў справы ў Сьледчым камітэце не паведамілі.
«Высьвятляюцца ўсе абставіны здарэньня, прызначаныя экспэртызы. Сьледчыя зьвяртаюцца да грамадзкасьці, СМІ з просьбай не ствараць інфармацыйны ажыятаж у сувязі з трагедыяй канкрэтнай сямʼі незалежна ад нацыянальнасьці», — сказалі ў СК.
Паводле Nexta Lite, дзіця засталося адно, бо ўсіх сваякоў даставілі ў шпіталь праз падазрэньне на каранавірус.
Прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя пацьвердзіў Свабодзе, што жанчыну сапраўды шпіталізавалі.
«З улікам эпідэміялягічнай сытуацыі і адсутнасьці дадзеных, калі гэтая кітаянка была ў Кітаі і калі яна прыехала, пра гэта не сказалі па тэлефоне, было вырашана прыняць спэцыяльныя меры засьцярогі: надзець маскі і так далей. Тым больш што жанчына цярпела на галаўны боль. Лекары ўсё зрабілі па інструкцыі», — сказалі ў міністэрстве.
Паводле прэс-службы Міністэрства аховы здароўя, жанчыне паставілі іншы, цяжкі дыягназ.
На пытаньне, чаму ў кватэры засталося дзіця бяз догляду дарослых, прадстаўнік Мінздароўя параіў зьвяртацца ў Сьледчы камітэт.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.