За акцыю супраць «паглыбленай інтэграцыі» Кастусёва пакаралі штрафам 810 рублёў

Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў

10 лютага суд Шклоўскага раёну разгледзеў справу лідэра Партыі БНФ Рыгора Кастусёва.

За ўдзел у акцыі супраць «паглыбленай інтэграцыі» у Менску летась 20 сьнежня судзьдзя Сьвятлана Баранцава пакарала палітыка штрафам у памеры 810 рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць Сіўчыка спынілі дзьве адміністрацыйныя справы 

Як удакладніў Свабодзе Рыгор Кастусёў, працэс пачаўся яшчэ ў мінулым годзе 28 сьнежня, але некалькі разоў пераносіўся праз адсутнасьць сьведкаў. Партыйны функцыянэр спадзяваўся, што, як і ў выпадку зь Вячаславам Сіўчыкам, справа будзе спыненая за тэрмінам даўнасьці правапарушэньня.

Аднак гэтым разам была наладжаная скайп-сувязь зь Менскам. Міліцыянты-сьведкі пацьвердзілі, што бачылі абвінавачанага падчас несанкцыянаванай акцыі, удзельнікі якой былі папярэджаныя пра яе незаконнасьць. Вырак суду — 30 базавых велічыняў.