У Крымінальны кодэкс Швайцарскай канфэдэрацыі будзе ўнесена папраўка, якая павінна абараніць прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці ад дыскрымінацыі. 62 адсоткі швайцарцаў прагаласавала 9 лютага за папраўку на рэфэрэндуме. Такія папярэднія дадзеныя атрыманыя неўзабаве пасьля закрыцьця ўчасткаў для галасаваньня.
Прынятая папраўка пашырае на ЛГБТ-супольнасьць ранейшы закон, які забараняе дыскрымінацыю па прыкмеце расавай прыналежнасьці ў выпадку «публічных заяў або дзеяньняў, якія зьневажаюць чалавечую годнасьць». Парушэньне закону пагражае турэмным зьняволеньнем на тэрмін да трох гадоў, або штрафам.
Швайцарыя, у адрозьненьне ад многіх краін Заходняй Эўропы, раней ня мела ніякіх заканадаўчых нормаў, якія абмяжоўваюць дыскрымінацыю на глебе сэксуальнай арыентацыі, адзначае агенцтва Reuters. У 2018 годзе парлямэнт Швайцарыі прыняў так званы «антыгамафобны» закон. Аднак самая буйная партыя краіны, правакансэрватыўная Швайцарская народная партыя сабрала неабходныя 50 тысяч подпісаў для правядзеньня рэфэрэндуму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На каго арыентавацца беларусам? 4 прычыны, чаму варта ўзгадаць пра Швайцарыю