У шатляндзкім горадзе Глазга стартуе праграма дапамогі бяздомным алькаголікам. Ім будуць наліваць бясплатна, але пад наглядам лекараў, паведамляе BBC.
Для гэтага пілётнага праекту ўжо знойдзена памяшканьне і сфармавана рабочая група з мэдычных работнікаў і судовых экспэртаў.
Мяркуецца, што першымі ўдзельнікамі праграмы стануць бяздомныя Глазга, якіх неаднаразова затрымлівалі на злачынствах, учыненых на глебе цяжкай алькагольнай залежнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як алькагалізм і дэпрэсію лекуюць «чароўнымі грыбамі» і ЛСДЛячэньне гэтых людзей і барацьба з наступствамі такіх злачынстваў абыходзяцца бюджэту ў сотні тысяч фунтаў. Для прыкладу, першыя сем чалавек, якія патэнцыйна могуць увайсьці ў пілётны праект, былі саўдзельнікамі 1630 злачынстваў. Адзін зь іх 427 разоў трапляў у мясцовы шпіталь.
Усе гэтыя людзі неаднаразова спрабавалі лячыцца ад алькагольнай залежнасьці, але бяз посьпехаў.
Шатляндыя ня першая спрабуе ажыцьцявіць такую дапамогу алькаголікам. Падобная схема дапамогі пасьпяхова працуе ў Канадзе з 1996 году. Яна называецца Managed Alcohol Project, яе заснавалі пасьля таго, як у Таронта зімой замерзьлі і памерлі трое бяздомных алькаголікаў. У звычайных начлежках алькаголь забаронены, і алькаголікаў туды не пускаюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як алькаголь уваходзіў у жыцьцё беларусаў. Гутарка з прафэсарам Захарам ШыбекамАдна з начлежак ў Таронта пад назвай Seaton House вырашыла заняцца менавіта самымі цяжкімі бяздомнымі — алькаголікамі, наркаманамі і людзьмі з псыхічнымі асаблівасьцямі, каб ня даць ім замерзнуць на вуліцы.
Бяздомным даюць месца пераначаваць. Зыходзячы з таго, што рэзкае спыненьне спажываньня алькаголю небясьпечнае для жыцьця алькаголікаў, было вырашана выдаваць ім па шклянцы віна, пачынаючы з раніцы раз на некалькі гадзін, да 15 порцый у дзень. Большасьць прымае толькі шэсьць. П’юць яны пад наглядам супрацоўнікаў начлежкі. Тых, хто працягвае піць на вуліцы, выключаюць з праграмы.