Ды чаго дамовіліся кіраўнікі Беларусі і Расеі 7 лютага? Цэны на нафту і газ — параза Беларусі, яе перамога ці нічыя? Што будзе з паглыбленьнем інтэграцыі?
Вынікі сочынскага саміту Лукашэнкі і Пуціна абмяркоўваюць палітычныя аналітыкі Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.
Сьцісла:
Цыганкоў:
- Мякка кажучы, Беларусь не дамаглася ўсяго таго, чаго хацела
- Масква пераканалася, што ўсур'ез прасунуць інтэграцыю з Лукашэнкам не атрымаецца
- Пры гэтай уладзе расейская нафта на гады будзе асноўнай для Беларусі
- Ключавая роля на перамовах Козака і Бабіча азначае ўзмацненьне ў Крамлі даволі жорсткай, прагматычнай у стаўленьні да Беларусі лініі
Карбалевіч:
- У нафтавым пытаньні беларускі бок ня здолеў дасягнуць істотнага прагрэсу
- Тэма інтэграцыі калі не закрытая, то падвешаная, прынамсі, да упарадкаваньня навага расейскага ўраду
- Мяркую, што невялікія порцыі альтэрнатыўнай нафты будуць паступаць і пасьля сустрэчы ў Сочы
- Прагучаў намёк, што калі Расея скароціць эканамічную падтрымку Беларусі, то беларусам давядзецца есьці кашу на вадзе
Не параза і не перамога
Дракахруст: У Сочы адбыліся беларуска-расейскія перамовы на найвышэйшым узроўні. Іх вынікі агучыў першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі Расеі Дзьмітры Козак. Паводле яго, яны наступныя
1. Беларусь і Расея працягнуць перамовы наконт інтэграцыі
2. Захоўваюцца мінулагоднія ўмовы пастаўкі газу
3. Умовы рэгуляваньня нафтавай галіны РФ ня будуць зьмененыя, зьніжкі на цану для Беларусі ня будзе, урад будзе спрыяць пастаўкам нафты ў Беларусь.
Як вы ацэньваеце гэтыя вынікі?
Цыганкоў: Пакуль, мякка кажучы, Беларусь не дамаглася ўсяго таго, чаго хацела. Найперш гэта тычыцца цаны на нафту, той самай прэміі расейскім нафтавым кампанія, супраць якой змагаецца Аляксандар Лукашэнка.
Тое, што цана на газ застаецца леташняй — гэта не параза беларускага боку. Хаця і не перамога. Былі нерэалістычныя заявы пра жаданьне зьнізіць цану, якая цяпер 127 даляраў за тысячу кубамэтраў.
Па нафце можна канстатаваць, што беларускі бок атрымаў прыкладна тое ж, што прапаноўвалася Расеяй у сьнежні.
Дракахруст: Перад паездкай у Сочы Лукашэнка тлумачыў, што на спотавым рынку цана газу — 120 даляраў за тысячу кубамэтраў. Паводле Лукашэнкі гэта менш, чым прапануе Расея. Хаця ня факт, што цана на спотавым рынку 120 даляраў — увесь час.
Зь іншага боку, напрыканцы 2019 году падпісалі дамову аб цане на газ толькі на 2 месяцы. Цяпер нібыта да канца году. Гэта добра ці кепска?
І падобная сытуацыя з нафтай. Козак распавядае, што ў Расеі ў нафтавай галіне ўсё такое рынкавае, кшталту ўлады ні ў што ня ўмешваюцца. Але прэмія — гэта не зусім рынкавае паняцьце.
Варта таксама прыгадаць заявы Лукашэнкі, што Расея прапануе нафту па цане, вышэйшай за ўсясьветную.
Калі гэта праўда ці ў нейкім сэнсе праўда, то значыць не зусім рынкавае цэнаўтварэньне. Так?
Карбалевіч: Як я зразумеў, у нафтавым пытаньні беларускі бок ня здолеў дасягнуць істотнага прагрэсу. Гледзячы па ўсім, Беларусі гэтую прэмію плаціць ці ў памеры 10 даляраў ці ў памеры нават 15 даляраў, як казаў нядаўна Лукашэнка.
Расея — манапаліст у пастаўках нафты ў Беларусь. І тут разьлічваць на рынкавыя ўмовы цяжка. Манапаліст дыктуе. Так што па нафце беларускі бок хутчэй за ўсё прайграў. А па газе — калі і ня выйграў, то не прайграў. Расея хацела падвысіць цану, Лукашэнка ў інтэрвію «Эху Москвы» казаў, што Пуцін прапануе цану 152 даляры за тысячу кубамэтраў.
Незразумела, ці захаваецца схема «перамытненьня», за кошт якой Беларусь атрымлівала кампэнсацыю адносна высокай цаны на газ.
Калі Козак кажа пра ўмовы 2019 году, то элемэнтам гэтых умоваў было перамытненьне. Таму незразумела, што азначае захаваньне умоваў 2019 году.
Бывай, інтэграцыя?
Дракахруст: Козак, гаворачы пра вынікі перамоваў, вельмі зьлёгку прыгадаў інтэграцыю. На працягу мінулага году гэтае пытаньне, так здавалася, была ў цэнтры двухбаковых адносінаў, рыхтаваліся шматлікія «дарожныя мапы» інтэграцыі, Лукашэнка і тагачасны расейскі прэм’ер Дзьмітры Мядзьведзеў паведамілі пра таемную 31-ю «мапу» пра адзіныя органы ўлады.
Сёньня Козак не казаў ні пра якія мапы, ні пра ступень іх узгодненасьці, ні пра хаця б гіпатэтычныя даты падпісаньня праграмы паглыбленьня інтэграцыі. Каротка і холадна — бакі працягнуць перамовы пра інтэграцыю.
Што гэта азначае?
Цыганкаў: Гэта азначае, што пасьля ўсіх падзеяў 2019 году і пачатку 2020 году Масква пераканалася, што ўсурʼез прасунуць інтэграцыю з Лукашэнкам не атрымаецца. Апошні рубеж быў напярэдадні 8 сьнежня. Усё лета абвяшчалася, што праграма паглыбленьня інтэграцыі будзе ўрачыста прынятая ў гадавіну стварэньня саюзнай дзяржавы.
Цяпер для Масквы інтэграцыя зьяўляецца пудзілам. Яны разумеюць, што ні на якое сурʼёзнае паглыбленьне інтэграцыі Менск ня пойдзе. Гэта застаецца рытарычнай фігурай для абодвух бакоў. Масква кажа — мы ж дамаўляліся інтэгравацца, а то мы вам не дадзім эканамічныя «пернікі». А Менск адказвае — мы ж інтэграваліся, увайшлі ў ваш Эўразійскі саюз, каб у нас былі цэны на энэрганосьбіты на ўзроўні Смаленскай вобласьці.
Гэтая вечная спрэчка, што спачатку — «крэслы» ці «грошы». Абодва бакі ўжо разумеюць, што гэта застаецца выключна для публікі.
Я гляджу, як блогасфэра рэагуе на вынікі сочынскай сустрэчы.
Расейскі Тэлеграм-канал Незыгар піша — Лукашэнка паехаў дадому фармаваць партызанскія атрады. Гэта вялікадзяржаўны канал, які ацэньвае з задавальненьнем тое, што Лукашэнку не далі зьніжак на нафту.
Беларускі аналітык Арцём Шрайбман назваў у сваім Тэлеграм-каналесочынскі саміт «правалам». «Калі гэта і быў момант ісьціны, то гэта канец старой мадэлі сяброўства і пачатак нашмат больш прагматычных адносінаў», — напісаў Арцём.
Я б тут зь ім можа і не пагадзіўся. Колькі гадоў кажуць, што паміж Беларусьсю і Расеяй пачынаюцца прагматычныя адносіны. А яны ўсё ніяк не пачынаюцца.
Дракахруст: Валер, той холад і сьціпласьць, зь якімі спадар Козак казаў пра інтэграцыю — ці не азначае гэта, што файл «паглыбленьня інтэграцыі» проста закрыты? А ўзамен за гэта зь Беларусі Масква будзе патрабаваць заплаціць за беларускую незалежнасьць. Ці можна так сфармуляваць вынік саміту?
Карбалевіч: Файл можа не закрыты, але падвешаны. Я зьвярнуў увагу на тое, што на перамовах не было прэм’ераў. А менавіта прэм’еры Румас і Мядзьведзеў былі галоўнымі куратарамі тых «дарожных мапаў» інтэграцыі. У Расеі новы прэм’ер, яму, магчыма, трэба ўвайсьці ў курс справаў. Тым больш, што у Расеі цяпер сур’ёзные перамены палітычнага ладу, таму, магчыма, трохі не да інтэграцыі з Беларусьсю. Гэтая тэма проста адкладзена ў бок.
Магчыма, на гэтым этапе Менск і Масква вырашылі абмежавацца толькі тымі пытаньнямі, якія найбольш вострыя, то бок, праблемамі нафты і газу.
Мы можам канстатаваць, што эканамічная падтрымка Беларусі з боку Расеі скарачаецца. Гэта працэс расьцягнуты ў часе. Пра гэта сьведчыць, напрыклад, той факт. што цана на газ для Беларусі захаваюцца на узроўні 2019 году. То бок льготы для Беларусі ліквідуюцца не аднамомантна.
Дракахруст: Віталь, мы пагадзіліся, што заявы спадара Козака наконт нафты былі самымі няпэўнымі. А між тым менавіта пастаўкі расейскай нафты сталі для Беларусі з пачатку году самай балючай кропкай. Беларусь атрымала толькі чвэрць яе патрэбаў.
У чым сэнс гэтага канфлікту? Лукашэнка мог прыняць расейскія ўмовы яшчэ напрыканцы сьнежня. Але пачалося дужаньне, зьявілася шмат размоваў пра альтэрнатыўную нафту. Гэтая упартасьць Лукашэнкі, які адмовіўся купляць расейскую нафту з прэміяй, дала беларускаму боку плён?
Цыганкоў: Мне падалося, што заява Козака даволі пэўная. Зь яе можна зразумець, што зьніжак для Беларусі па нафце не будзе, бо нафтавыя кампаніі працуюць на рынкавых умовах.
Прэмія для нафтавых кампаніяў, пра якую ішла спрэчка, ня вельмі і вялікая — 10 даляраў за тону. Прынцыпова важныя для Беларусі страты ад падатковага манэўру.
Дракахруст: Страты ад прэміі лёгка падлічыць. Калі Беларусь купляе 24 млн тонаў. нафты на год, то з прэміяй 10 даляраў Беларусь страчвае 240 млн. даляраў. Гэта немалыя грошы, але на эканоміку яны кардынальна не ўплываюць.
Цыганкоў: Так, страты ад падатковага манэўру — гэта ключавая праблема. Спробы Менску атрымаць кампэнсацыю былі марнымі. Таму Лукашэнку і засталося толькі што змагацца за гэтую няшчасную прэмію.
Але я нават сумняюся, што сытуацыя з кампэнсацыяй за падатковы манэўр зьмянілася б, калі б Менск пагадзіўся на інтэграцыю. Што — Беларусь атрымала б нафту па ўнутрырасейскіх цэнах? Сумнеўна. Я думаю, што Расея, ставячы такую умову («паглыбленьне інтэграцыі»), загадзя разумела, што Менск адмовіцца.
Каша на вадзе для Беларусі
Дракахруст: А цяпер да самага пачатку гэтай сустрэчы. Там была такая злая падколка з боку Пуціна на адрас Лукашэнкі. Паміж імі адбыўся такі дыялёг:
«Кашку з раніцы елі?» —спытаў Пуцін.
«Не на вадзе ж», — адказаў Лукашэнка.
«Чаму? Смачна вельмі. Вы пакаштуйце, вам спадабаецца», — сказаў расейскі прэзыдэнт.
Гэта такі прагноз будучага беларускай эканомікі намаляваў Пуцін? Маўляў, давядзецца есьць кашку бяз масла ці алею?
Карбалевіч: Ці гэта была загадзя прыдумана Пуціным, ці атрымалася экспромтам, але рэплікі вельмі сымбалічныя. Такі намёк, што калі Расея скароціць эканамічную падтрымку Беларусі, то беларусам давядзецца есьці кашу на вадзе.
Але вернемся да нафты. Падаецца, што тыя страты, якія Беларусь панесла ад рэзкага скарачэньня паставак нафты з Расеі з пачатку года ўжо, магчыма, аказаліся большымі, чым страты ад цаны з прэміяй. Урадоўцы кажуць, што ў студзені панізіцца валавы ўнутраны прадукт.
Думаю справа ня толькі ў 10 далярах прэміі за тону. Хутчэй, тут здарыўся такі псыхалягічны канфлікт паміж Лукашэнкам і Пуціным.
І акрамя таго, магчыма, беларускае кіраўніцтва вырашыла скарыстацца сытуацыяй, каб правесьці тэставаньне з пастаўкамі альтэрнатыўнай нафты.
Важна было паглядзець, палічыць, ці будзе ўвогуле маржа пры пастаўках нафты па сусьветных цэнах. Бо з завяршэньнем у Расеі падатковага манэўру ў 2024 годзе расейская нафта будзе прадавацца Беларусі па ўсясьветных цэнах.
Ці будзе Беларусь купляць альтэрнатыўную нафту?
Дракахруст: Цяпер, пасьля Сочы, беларускае кіраўніцтва размовы пра альтэрнатыўную нафту будзе пацягваць? Ці выдыхнуць і скажуць: з Расеяй дамовіліся, цана расейскай нафты ўсё роўна ніжэйшая за ўсясьветную, будзем жыць як і раней?
Карбалевіч: Я думаю, невялікія порцыі альтэрнатыўнай нафты будуць паступаць. Сапраўды, трэба дывэрсыфікаваць пастаўкі і глядзець, якая лягістыка атрымліваецца, ці можна разьлічваць на тое, што калі закончыцца падатковы манэўр у Расеі і цана расейскай нафты будзе на ўзроўні ўсясьветнай — ці ёсьць рэзон Беларусі купляць такія вялікія аб’ёмы менавіта расейскай нафты. Мяркую, такое тэставаньне будзе працягвацца і гэта правільна.
Цыганкоў: Пошук альтэрнатыўных шляхоў, іх тэхналягічная і лягістычная апрацоўка будуць працягвацца. І праз тое, што расейская нафта пасьля завяршэньня «падатковага манэўру» будзе ўжо не настолькі выгадная. Але і з палітычных прычынаў, каб у момант чарговых непаразуменьняў з Расеяй былі адпрацаваныя альтэрнатыўныя варыянты.
Гэта, вядома, будзе прапрацоўвацца, але калі рабіць доўгатэрміновы прагноз, то можна дастаткова ўпэўнена казаць, што пры гэтай уладзе расейская нафта на гады будзе асноўнай для Беларусі. Нават Польшча на 70% закупляе расейскую нафту. У Беларусі шляхі, схемы, тэхналёгіі даўно прапрацаваныя, таму Беларусь яшчэ даволі доўга будзе закупляць пераважна расейскую нафту.
У «адным акопе»... з Козакам і Бабічам
Дракахруст: З вуснаў Лукашэнкі прагучала: «Мы шмат аб чым пагаварылі, дайшлі да глыбіні сівых часоў у нашай сумесным жыцьця ў адной дзяржаве, абмеркавалі шмат гістарычных датаў і момантаў». Варта прыгадаць, што сёлета будзе адзначацца 75-я гадавіна перамогі ў Другой усясьветнай вайне. Ці азначае, што Лукашэнка зноў гуляў на «адзіным акопе, у якім разам гнілі»? І, магчыма, чагосьці дамогся.
Карбалевіч: Лукашэнка ўвесь час апэлюе да сумеснай гісторыі, выкарыстоўвае гэта шмат гадоў. Іншая рэч, што апошнімі гадамі гэта ўсё менш спрацоўвае. Цяжка сказаць, ці гэта важны цяпер аргумэнт для Пуціна.
У СМІ нядаўна прагучала, што Лукашэнка паабяцаў 9 траўня быў у Маскве. Звычайна ён у гэты дзень у Менску, «са сваім народам».
Дракахруст: У Расеі пасьля кадравых зьменаў некаторыя людзі, якія займаліся інтэграцыяй, сышлі, але некаторыя засталіся, хаця і на іншых пасадах. Вынікі сёньняшніх перамоваў у Сочы агучваў Дзьмітры Козак. Раней ён быў віцэ-прэмʼерам, які курыраваў перамовы па інтэграцыі. Цяпер ён першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі Пуціна. Ён лічыцца адным з найбольшых жорсткіх «хардлайнераў» наконт Беларусі. Быў на перамовах і добра вядомы беларусам былы пасол Расеі ў Беларусі, цяпер — першы намесьнік міністра эканамічнага разьвіцьця Міхаіл Бабіч. Раней на перамовах быў міністар, Максім Арэшкін. Цяпер — не пераемнік Арэшкіна, а ягоны намесьнік Бабіч. Гэта нешта азначае?
Цыганкоў: Безумоўна, гэта азначае ўзмацненьне ў Крамлі даволі жорсткай, прагматычнай у стаўленьні да Беларусі лініі. Гэта азначае, што за апошні час пралукашэнкаўскае лобі ў Маскве даволі істотна зьменшылася. Раней яно складалася з камуністаў, увогуле левых, губэрнатараў, асобных чыноўнікаў — цяпер усяго гэтага няма. Цяпер на тых асноўных пасадах, якія займаюцца беларускім пытаньнем, знаходзяцца людзі, фінансава прагматычныя і даволі жорсткія — тыя ж Козак і Бабіч. І гэта красамоўна характарызуе цяперашняе стаўленьне Крамля да беларускай тэмы.