У шпіталі заяўляюць, што дыягназ не пацьвердзіўся, гэта звычайная прастуда.
У інфэкцыйнае аддзяленьне Мазырскага гарадзкога шпіталю 6 лютага трапіў мужчына з падазрэньнем на каранавірус.
Паводле зьвестак Свабоды, мужчына працуе на Мазырскай ТЭЦ і нядаўна быў у Кітаі. У сераду яму стала кепска на працы і яго шпіталізавалі.
У Гомельскім абласным упраўленьні аховы здароўя з раніцы ніхто з кіраўнікоў ня зьняў слухаўку, хоць сакратарка сьцьвярджала, што ўсе на месцы, у сваіх кабінэтах.
У другой палове дня 7 лютага ў Мазырскім гарадзкім шпіталі пацьвердзілі, што выпадак з падазрэньнем на каранавірус сапраўды быў. Аднак раніцай у пятніцу заражэньне новым кітайскім вірусам было цалкам выключана:
«Узялі біяматэрыялы, адправілі ў Гомель, і сёньня на 7 раніцы атрымалі адказ, што і клінічна, і вірусалягічна дыягназ выключаны», — заявілі ў шпіталі.
Паводле суразмоўцы, у мужчыны не было клінічных праяў хвароб, выкліканых новым каранавірусам:
«Проста ён быў у Кітаі, таму і падазравалі. Чуткі пайшлі, што ён на працы зваліўся з тэмпэратурай, а цяпер кажуць, што ўвогуле памёр, — гэта лухта. Чалавек добра сябе адчувае, зь ім усё ў парадку».
Пазьней на Мазырскай ТЭЦ таксама пацьвердзілі: выпадак быў, але ў работніка звычайная прастуда:
«Тэмпэратура была невысокай, усяго 37,1. А паколькі ён прыехаў з Кітая, таму ўсе і ўсхваляваліся. Памылковая трывога».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кітайскі доктар, які першым папярэдзіў пра каранавірус, памёр двойчы ў дзяржаўных СМІШто трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ