Беларусь і Ўкраіна лібэралізавалі аўтамабільныя перавозкі паміж дзяржавамі

Ілюстрацыйнае фота. На беларуска-ўкраінскай мяжы

Беларусь і Ўкраіна па ўзаемнай дамоўленасьці ўносяць зьмены ў міжурадавую дамову аб аўтамабільных зносінах ад 1992 году.

Зьмены скасоўваюць дазвольную сыстэму на нерэгулярную перавозку грузаў і пасажыраў аўтатранспартам.

«Мы зрабілі сур’ёзны крок, неабходны для лібэралізацыі аўтамабільных перавозак паміж Украінай і Рэспублікай Беларусь. Яшчэ два гады таму двухбаковыя дазволы Беларусі былі ў надзвычайным дэфіцыце, і падпісаньне пратаколу нівэлюе любыя рызыкі для стварэньня такога дэфіцыту ў будучыні», — заявіў міністар інфраструктуры Ўкраіны Ўладзіслаў Крыклій пасьля падпісаньня дакумэнту.

Ад імя беларускага ўраду пратакол аб зьменах міжурадавага дагавору падпісаў міністар транспарту і камунікацый Беларусі Аляксей Аўраменка. Каб дакумэнт набыў моц, яго мусяць ратыфікаваць нацыянальныя парлямэнты.

А таксама дамовіліся паглыбіць дно Прыпяці

Украінскі міністар таксама паведаміў, што ў часе сёлетняй навігацыі плянуецца паглыбіць дно ўкраінскага ўчастку ракі Прыпяць і такім чынам пачаць практычнае аднаўленьне міжнароднага воднага шляху Е-40.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Е40 пачалі рэалізоўваць, нягледзячы на пратэсты эколягаў: Украіна паглыбляе дно Прыпяці

Першыя грузавыя перавозкі празь Прыпяць і Дняпро да Чорнага мора заплянаваныя на другую палову 2020 году, а адкрыцьцё першага турыстычнага воднага маршруту «Кіеў — Мазыр — Кіеў» анансавана на канец красавіка.

«Нашай галоўнай задачай і мэтамі далейшай супрацы зьяўляецца разьвіцьцё рачнога суднаходзтва па рэках Прыпяць і Дняпро, аднаўленьне паўнавартаснай навігацыі, у тым ліку ў рамках праекту Е-40. Праект аднаўленьня міжнароднага воднага шляху Е-40 выйшаў на практычную стадыю», — запэўніў Уладзіслаў Крыклій.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь і Ўкраіна залучаюць Грузію ў лягістыку воднага шляху Е40

Гэтыя заявы ўкраінскага міністра выклікалі імгненную рэакцыю Партыі зялёных Украіны — яны заклікалі свой урад адмовіцца ад рэалізацыі праекту аднаўленьня воднага шляху Е-40, які лічаць экалягічна-эканамічнай авантурай:

«Стварэньне Е-40 непасрэдна датычыцца ракі Прыпяць і прадугледжвае будаўніцтва шматлікіх гідратэхнічных збудаваньняў, маштабныя работы для паглыбленьня дна, земснарады для ўзьвядзеньня фарватэраў, будаўніцтва вадасховішчаў і шмат іншага. Вынікамі такога ўмяшаньня стануць незваротныя гідралягічныя зьмены, падтапленьне адных тэрыторый і пераасушваньне іншых, руйнаваньне зьвязаных з рэкамі экасыстэм і непазьбежнае распаўсюджаньне радыянуклідаў, назапашаных пасьля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС».

«Праект не вытрымлівае крытыкі ня толькі з экалягічнага, а і эканамічнага пункту гледжаньня з прычыны вялікіх інвэстыцыйных рызык. Перавозка грузаў, на якую арыентуюцца лабісты праекту, цяпер пасьпяхова ажыцьцяўляецца чыгуначным і аўтамабільным транспартам, і няма ніякай гаспадарчай неабходнасьці наносіць непапраўную шкоду навакольлю і грамадзкім інтарэсам», — адзначаецца ў заяве Партыі зялёных Украіны.