3,27 праміле ў крыві. Чаму ў матэрыялах сьледзтва аб няшчасных выпадках на БелАЭС зьявіўся алькаголь

Будоўля Беларускай АЭС, архіўнае фота

Родныя памерлага кранаўшчыка і мантажнік, які моцна пацярпеў падчас аднаго з інцыдэнтаў, катэгарычна з гэтым нязгодныя.

Загадкавая сьмерць кранаўшчыка Івана Быхоўскага: «Ён ня скардзіўся ні на што»

«Ды ён зусім ня піў, — расказвае Ўладзімер Быхоўскі гісторыю свайго брата Івана, які да 12 жніўня 2019 году працаваў кранаўшчыком на будоўлі Астравецкай АЭС. — Я думаю, брат памёр не сваёй сьмерцю, а здарыўся няшчасны выпадак, пра які нам цяпер проста не гавораць. Разумееце, мы ж самі ў шоку тады былі. Такое здарылася».

53-гадовага Івана Быхоўскага, паводле афіцыйнай вэрсіі, знайшлі раніцай 13 жніўня мёртвым у памяшканьні душавой. Згодна з вэрсіяй, якую агучылі сям’і памерлага, ягоная сьмерць адбылася з прычыны захворваньня сэрца і не зьвязаная з працай на будоўлі АЭС. Пасьля працоўнага дня ўвечары 12 жніўня Іван Быхоўскі нібыта застаўся на тэрыторыі будаўніцтва, каб прыняць душ, і раптоўна памёр.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Як можна было яго не заўважыць?» — дачка памерлага на будоўлі БелАЭС кранаўшчыка

«Я быў у гасьцях у брата за два тыдні да гэтага здарэньня, прыяжджаў у Чысьць, — працягвае Уладзімер. — А тут раптам сястра Ніна тэлефануе і кажа, што Іван памёр. Як памёр? Іван ня скардзіўся ні на што. Ні на сэрца, ні на што».

Падазрэньні ў неадпаведнасьці афіцыйнай вэрсіі сьмерці Івана Быхоўскага ў яго родных узьніклі на пачатку зімы 2019 году, калі яны атрымалі новыя дакумэнты з высновамі пасьмяротнай мэдыцынскай экспэртызы. Згодна зь імі, у момант сьмерці Іван Быхоўскі быў п’яны, у ягонай крыві знайшлі 0,35 праміле алькаголю. Пры гэтым у мэдыцынскіх дакумэнтах, якія родным выдалі адразу пасьля сьмерці кранаўшчыка, згадак пра алькаголь не было зусім.

«Мы б паверылі ў натуральную сьмерць, каб ня гэты алькаголь»

«Калі брата зрабілі п’яным, я зразумеў, што там нешта адбылося, — працягвае Ўладзімер Быхоўскі. — Іван ня піў больш за 15 гадоў. Тлумачэньні ў мэханіка пачалі браць. Пра нейкую паломку пнэўмасыстэмы. Мы пачалі сумнявацца тады. Мы б паверылі ў натуральную сьмерць, каб ня гэты алькаголь. Прыгадалі, што, калі забіралі цела брата з моргу ў Смаргонях, ён быў увесь сіні, нават чорны. Сьпіна, грудзі, галава. Я цяпер пайшоў з урачамі пракансультавацца, чаму так магло здарыцца. Кажуць, калі тромб, такое бывае. А ад вострай сардэчнай недастатковасьці, як брату напісалі, такога быць ня можа».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы не маглі дазваніцца да бацькі». На будоўлі Астравецкай АЭС памёр кранаўшчык

Родных памерлага кранаўшчыка на месца ягонай сьмерці не адводзілі. Не аддалі і ягонай рабочай вопраткі, дазволілі забраць толькі асабісты аўтамабіль са стаянкі. У дакумэнтах гаворыцца пра запісы з камэр назіраньня, на якіх відаць, як кранаўшчык заходзіць у душавую вечарам 12 жніўня 2019 году і больш не выходзіць адтуль. Саміх відэазапісаў сям’і не паказвалі.

«Нармальны лад жыцьця ў Івана быў, — дадае Уладзімер. — Праца, сям’я. Усё звычайна. Ён толькі пасьля адпачынку вярнуўся, першы дзень на працу выйшаў 12 жніўня. І памёр у душы. Як? Ну ня мог ён застацца адзін там нешта рамантаваць, без мэханіка. Калі б не было гэтых тлумачэньняў мэханіка, каб не гаварылі пра алькаголь у адпісках, яно б і прайшло ўсё так. Я таксама кіроўцам працую, разумею гэтую сыстэму. Хутчэй за ўсё, там адбыўся няшчасны выпадак, які зараз спрабуюць утаіць. Я ня ведаю, ці магчыма даведацца праўду сёньня. Проста хачу расказаць, што мы думаем пра ўсё гэта».

Падзеньне мантажніка Дзьмітрыя Кунца: «Усе сьведкі кажуць, што ён быў цьвярозы»

Мантажнік Дзьмітры Кунец упаў з вышыні некалькіх дзясяткаў мэтраў падчас працы на будоўлі атамнай станцыі ў Астраўцы. Яму ня толькі ня выплацілі кампэнсацыю за вытворчую траўму, але і спагналі штраф — за працу ў алькагольным стане. Мужчына катэгарычна адмаўляе апошняе.

Дзьмітры Кунец

22-гадовы Дзьмітры Кунец працуе на БелАЭС каля году. Амаль паўгода зь іх ён знаходзіўся на бальнічным. Летась у красавіку хлопец сарваўся з вышыні.

Яны з калегам працавалі на другім энэргаблёку на вышыні каля 55-60 мэтраў. Пляцоўку, на якой яны стаялі, патрэбна было паменшыць. Калега пачаў баўгаркай пілаваць ражок пляцоўкі.

«Ражок ня вытрымаў, ня вытрымала ўся канструкцыя, і мы пайшлі ўніз. Ён быў прышпілены, а я толькі залез», — успамінае Дзьмітры.

Калега не атрымаў сур’ёзных пашкоджаньняў, Дзьмітры праляцеў каля 30 мэтраў і ўпаў на мэталічную падлогу.

«Гэта сэкунда часу. Амаль ні пра што нельга падумаць. Адразу нічога не балела. Заставаўся ў прытомнасьці. Крыві я ня бачыў, але сябар расказваў, што кроў пайшла з роту, з вачэй», — успамінае хлопец.

Зрабілі дзьве апэрацыі «на жывот»

Неўзабаве прыехала «хуткая», якая дзяжурыць на станцыі. Хлопца завезьлі ў астравецкую лякарню. Там увялі ў штучную кому на тры дні.

«Парвалася печань, селязёнка. Ой, усё там навыварат», — Дзьмітры спрабуе патлумачыць, як на ім адбілася падзеньне.

Яму двойчы зрабілі апэрацыю «на жывот». Шво ідзе ўздоўж усяго тулава. Да таго ж ён зламаў руку, таксама рабілі апэрацыю. У шпіталі хлопец знаходзіўся каля месяца.

Адзін з шасьці бальнічных лістоў, courtesy photo, перадаў Дзьмітры Кунец

Дзьмітры кажа, што не вінаваціць калегу ў тым, што адбылося. Пагаджаецца, што сам парушыў правілы аховы працы, але таму, што толькі-толькі залез працаваць і не пасьпеў прышпіліцца. Мяркуе, што ў тым, што адбылося, вінаваты адказны за ахову працы.

Знайшлі ў крыві 3,27 праміле алькаголю і засудзілі

Аднак пры пераводзе ў горадзенскі шпіталь на апэрацыю рукі пацыент даведаўся, што, паводле папераў, ён быў п’яным у дзень здарэньня. У ягонай крыві ў горадзенскай лябараторыі нібыта выявілі 3,27 праміле алькаголю — гэта цяжкая ступень ап’яненьня, калі чалавек знаходзіцца ў паўсьвядомым стане.

Ён адмаўляе, што быў п’яным, і сьцьвярджае, што ніколі не злоўжывае на працы: «Тут строга, небясьпечна».

«Даведаўся пра гэта толькі празь месяц пасьля здарэньня. Лекар прыходзіць з бальнічным лістом і кажа: «Ты што, у алькагольным ап’яненьні быў?» — «Такога быць ня можа!» Усе лекары казалі: «Судзіся». У судзе я сказаў: «Вы адэкватны? Падумайце, які гэта пах!».

Выявілася, што аддзел унутраных справаў Астравецкага райвыканкаму пастфактум склаў пратакол на хлопца за тое, што ў дзень здарэньня (5.04.2019) ён нібыта знаходзіўся ў нецьвярозым стане на працоўным месцы (артыкул 17.3 Кодэксу «Аб адміністрацыйных парушэньнях» Беларусі). Дзьмітрый кажа, гэта адбылося прыкладна праз паўтара месяца пасьля падзеньня. Такім жа часам датаваная мэдыцынская даведка з Астравецкай цэнтральнай раённай лякарні.

Мэдыцынская даведка, складзеная 22.05.2019. Скрын зь відэа Паўла Сьпірына «АЭС Островец 2020 — Точка невозврата»

«Падышлі да майго начальніка і пачалі яму казаць, што мяне злавілі п’яным на КПП. Папраўдзе такога ўвогуле не было. Тым больш, калі б мяне злавілі на КПП, там заўжды міліцыя. Заўсёды камэры ёсьць. Сказалі, пакуль складалі на мяне пратакол, я ўзяў і ўцёк адтуль. Я хадзіў у Сьледчы камітэт, казаў, што я магчыма ведаю, хто гэта [сказаў]. А толку? Гэта ня доказ», — абураецца хлопец.

Беларуская АЭС

Дзьмітры вярнуўся на працу на БелАЭС летась увосень. Тады ж распачаўся суд над ім. Урэшце з мужчыны спагналі 102 рублі. Расейская фірма-падрадчык ПАТ «Энергоспецмонтаж», у якой ён працуе, заплаціла штраф, які потым вылічыла зь ягонага заробку.

Адвакат Дзьмітрыя Кунца Анатоль Руткевіч расказаў, што штраф наклалі на самога супрацоўніка, а не на фірму. Цяпер ён з падабаронным будуць падаваць скаргу ў Горадзенскі абласны суд.

Адвакат Анатоль Руткевіч

Паводле яго, суд апытваў сьведак, прараба, і ўсе сказалі, што ён быў цьвярозым. «Гэта чалавек 5-6, у тым ліку той чалавек, зь якім ён тады працаваў. Праблема ў тым, што аналіз паказаў іншае. Але як браўся той аналіз, якім чынам у крыві аказалася столькі алькаголю?», — задаецца пытаньнем Руткевіч.

Ён кажа, што яны з Кунцом будуць дамагацца, каб хлопцу выплацілі кампэнсацыю за траўму ў памеры сярэдняга заробку за ўвесь пэрыяд, калі той быў на бальнічным.

Прараб ПАТ «Энергоспецмонтаж» Уладзімер, які бачыў Дзьмітрыя ў дзень здарэньня і які нібыта сьведчыў у судзе, што той быў цьвярозым, даваць камэнтары праз тэлефон адмовіўся.

***

Свабода зьвярнулася ў Дырэкцыю будаўніцтва Астравецкай АЭС з пытаньнямі пра тое, якім чынам на будоўлі змаглі апынуцца людзі ў стане алькагольнага ап’яненьня. Адказу на афіцыйны запыт пакуль няма.


Гэтая публікацыя падрыхтаваная пры выкарыстаньні інфармацыі БелаПАН.