Анархісты Мікіта Емяльянаў і Іван Комар не прызналі сябе вінаватымі ў пашкоджаньні будынкаў Менскага гарадзкога суду і Менскага сьледчага ізалятара. Абодва з кастрычніка 2019 пад вартай. Па ранейшых зьвестках, Іван Комар на сьледзтве даваў прызнальныя паказаньні, але цяпер ад іх адмаўляецца.
6 лютага ў Савецкім раённым судзе пачаўся працэс над актывістамі анархісцкага руху Мікітам Емяльянавым і Іванам Комарам. Хлопцаў вінавацяць у цяжкіх злачынствах, за што ім паражае да 12 гадоў зьняволеньня.
Сярод іншага гэта пашкоджаньне будынкаў Менгарсуду на вуліцы Дуніна-Марцінкевіча 25 верасьня 2019 году і Менскага сьледчага ізалятара на вуліцы Валадарскага (мае статус гістарычнага помніка) 19 кастрычніка і спроба пашкодзіць той жа будынак 13 кастрычніка мінулага году. Таксама актывістаў вінавацяць у вырабе небясьпечных прыстасаваньняў («кактэйлю Молатава») і перавозцы іх па Менску. Усё гэта ў складзе групы.
Сьледчы ізалятар на вуліцы Валадарскага заявіў абвінавачаным грамадзянскі пазоў на суму 1 рубель 48 капеек — у столькі міліцыянты ацанілі страты, нанесеныя дзьвярам 2-га пад’езду ўстановы, у якія пацэліў палаючы «кактэйль Молатава». Другі «кактэйль», кінуты на тэрыторыю ўстановы 13 кастрычніка, не загарэўся і стратаў не нанёс. Гарадзкі суд вызначыў свае страты ад забруджваньня «ліхтарыкам з чырвонай фарбай» ў 143 рублі, але яны былі кампэнсаваныя падсуднымі, таму пазову суд не выстаўляў.
«Шыльда ёсьць, але яна ўнутры, на рэжымнай тэрыторыі»
Анархістам Комару і Емельянаву інкрымінуецца пашкоджаньне гістарычнага помніка 2-й катэгорыі — комплексу Пішчалаўскага замка, які быў пабудаваны ў 1825 годзе як турма. Тут дагэтуль трымаюць пад вартай злачынцаў і падсьледных. Таму стаіць пытаньне, ці зьяўляюцца пашкоджаныя дзьверы часткай гістарычнага помніка.
Прадстаўніца ізалятара ў судзе, старшы кантралёр установы Валерыя Нарчук, не змагла патлумачыць, ці ўваходзіць прыбудова савецкіх часоў, дзе знаходзіцца 2-і пад’езд, атакаваны анархістамі, часткай гістарычнага помніка. Паводле Валерыі Нарчук, шыльда з інфармацыяй аб тым, што будынак зьяўляецца помнікам, знаходзіцца на рэжымнай тэрыторыі, і, ня трапіўшы ўсярэдзіну «Валадаркі», яе немагчыма пабачыць.
Анархісты не выключаюць ціску на падсудных
Іван Комар, як і Мікіта Емяльянаў, не прызнаў сябе вінаватым і адмовіўся да допыту сьведак даваць паказаньні. Паводле актывіста анархісцкага руху Вячаслава Касінерава, раней анархісты ведалі, што ў справе ёсьць яўка з павіннай Івана Комара і ягоныя прызнальныя паказаньні.
«Ці праўда гэта і што спрычынілася да такіх паказаньняў Івана, калі яны сапраўды былі, мы дакладна ня ведаем, але не выключаем ціску. Справа відавочна палітычная, хлопцаў затрымалі за правядзеньне акцый салідарнасьці з нашым аднадумцам Зьмітром Паліенкам. У выпадку з будынкам суду гэта адбылося напярэдадні працэсу, у другім — калі Паліенка сядзеў на „Валадарцы“ і за яго ўсе заступаліся. Таму мы будзем дамагацца, каб у выпадку прызнаньня вінаватымі іх палічылі палітвязьнямі», — сказаў Вячаслаў Касінераў.
Вакол Савецкага суду і ўнутры будынку сёньня прынятыя надзвычайныя захады бясьпекі: дзяжураць амапаўцы, наведнікаў правяраюць праз мэталадэтэктар, поўна міліцыянтаў у цывільным. Аднак тых, хто падтрымлівае падсудных, на працэс пусьцілі.
Па абедзе ў судзе пачнецца допыт сьведак.