Беларусь ад так званага падатковага манэўру Расеі страціла ў 2019 годзе каля 330 млн даляраў. Пра гэта паведаміў прэм’ер-міністар Сяргей Румас на нарадзе аб эфэктыўнай працы паліўна-энэргетычнага комплексу.
Кіраўнік ураду ўдакладніў, што лічба складаецца са стратаў бюджэту і стратаў нафтаперапрацоўчых заводаў, перадае БелТА.
«Для Беларусі у 2019 годзе агульныя страты сумарна склалі каля 330 млн даляраў. У тым ліку страты бюджэту прыкладна 130 млн, страты нафтаперапрацоўчых заводаў — амаль 200 млн», — адзначыў Сяргей Румас.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі скароцяць падатковыя льготы, каб кампэнсаваць страты ад «манэўру» ў РасеіНапярэдадні перамоваў у Сочы з расейскім калегам Уладзімірам Пуціным, якія маюць адбыцца 7 лютага, Аляксандр Лукашэнка сабраў адмысловую нараду.
«Няма чаго таіць, мы сабраліся, каб абмеркаваць шляхі пераадоленьня тых нэгатыўных тэндэнцый, якія намеціліся ў нашай эканоміцы ў выніку ўзаемаадносінаў з Расеяй, — сказаў Лукашэнка. — Гэтыя пытаньні ва ўсіх на слыху: пастаўкі нафты, газу, харчовыя вайны, якія, на жаль, сталі звыклымі апошнім часам».
Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр
Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.
- Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
- Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
- У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
- Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.
Страты і кампэнсацыя
- У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
- Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
- Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн.
- У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
- 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.
Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі