Мытнікі на літоўскай мяжы ў пункце пропуску «Лаварышкес» знайшлі ў фуры зь Беларусі самую вялікую ў 2020 годзе партыю кантрабандных цыгарэт, паведамляе Літоўская мытня.
280 тысяч пачкаў кантрабандных цыгарэт 7 беларускіх марак на 977 тысяч эўра знайшлі 31 студзеня ў фуры Iveco зь Беларусі, якая везла дошкі. На мытні вырашылі праверыць аўтамабіль з дапамогай мабільнай рэнтгенаўскай сыстэмы кантролю, бо драўніна зьяўляецца адным з самых папулярных грузаў для кантрабандыстаў.
Суд 2 лютага арыштаваў кіроўцу фуры на месяц.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 85% цыгарэт, канфіскаваных літоўскай мытняй у 2019 годзе, — зь БеларусіРаней літоўскія мытнікі паведамлялі, што ў 2019 годзе менавіта беларускія цыгарэты склалі найбольшую долю — 85% ад агульнай колькасьці канфіскаваных мытняй цыгарэт.
У 2019 годзе Беларусь таксама стала найбуйнейшай крыніцай нелегальнага тытуню ў Расеі — 36% усяго расейскага рынку нелегальных цыгарэт, згодна з апошнім дасьледаваньнем аналітычнага агенцтва Nielsen.
Рэгулярна канфіскуюць кантрабандныя цыгарэты зь Беларусі ва Ўкраіне, а таксама ў Польшчы. Толькі з чэрвеня па жнівень 2019 году ва Ўкраіне агулам было канфіскавана больш як 11 мільёнаў цыгарэт зь Беларусі, якія перавозіліся з фальшывымі акцызнымі маркамі або зусім бязь іх.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне расьсьледуюць буйную кантрабанду тытуню зь Беларусі ў Эўразьвяз ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне зьнішчаць 11 мільёнаў кантрабандных беларускіх цыгарэт