Nexta заявіў пра запуск «паўнавартаснага мэдыяпраекту»

Фігура блогера Nexta на акцыі пратэсту ў Менску, сьнежань 2019 году

«Гэта насьпявала даўно, нам заставалася толькі зрабіць крок наперад», — піша Сьцяпан Сьвятлоў, ён жа Nexta, у сваім Telegram-канале. Блог «спыняе сваё існаваньне», піша ён, і «становіцца паўнавартасным мэдыяпраектам».

Дзякуючы значнай папулярнасьці — звыш 200 тысяч падпісчыкаў у Telegram і 340 тысяч у YouTube — Nexta стаў самым чытаным грамадзка-палітычным блогам Беларусі. У зьвязку з гэтым насьпела пытаньне «трансфармавацца» ў паўнавартаснае мэдыя XXI стагодзьдзя, тлумачыць Сьцяпан Сьвятлоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд прызнаў фільм Nexta пра Лукашэнку экстрэмісцкім

«Іншымі словамі, інфармаваньне аб тым, што адбываецца ў краіне, становіцца нашым абавязкам, — працягвае ён. — Яшчэ больш навінавых публікацый, зразумелай аналітыкі, самай апэратыўнай інфармацыі. Так, без цэнтралізаванага сайту. Але каму ў 2020-м патрэбен сайт, які любы чыноўнік зь Міністэрства інфармацыі можа мамэнтальна заблякаваць?».

Цяпер канал, які асацыяваўся найперш з самім Nexta, будзе пазбаўлены пэрсаналізацыі. Дапамагаць спраўляцца зь вялізным аб’ёмам інфармацыі ад падпісчыкаў, апрацоўваць мэдыяфайлы, займацца фактчэкінгам і належным афармленьнем публікацый у Telegram будзе журналіст Раман Пратасевіч, які дагэтуль працаваў на «Эўрарадыё», а цяпер пераехаў і папрасіў прыстанішча ў Польшчы.

YouTube-канал Nexta

Сьцяпан Сьвятлоў, стваральнік і галоўны аўтар усяго брэнду Nexta, з Telegram разьвітвацца таксама не зьбіраецца. Аднак цяпер больш пільную ўвагу будзе ўдзяляць разьвіцьцю іншых сацсетак і YouTube-каналу.

Колькасьць праглядаў матэрыялаў ад Nexta у двух Telegram-каналах сумарна не апускаецца ніжэй за 20 мільёнаў за месяц, што зьяўляецца адным з самых высокіх паказьнікаў па мерках беларускага інтэрнэту.