«10 мільёнаў унікальных наведнікаў у Sputnik у Беларусі». Як беларусы абвяргаюць твіт рэдактаркі Russia Today

Маргарыта Сіманьян

Маргарыта Сіманьян, галоўная рэдактарка RT і Sputnik паведаміла ў Твітэры, што ў студзені Sputnik ў Беларусі меў 10 мільёнаў унікальных карыстальнікаў пры насельніцтве 9.5 мільёна. «Ганаруся!», — завяршае свой твіт Сіманьян

«Гэта лічбы, каб паказаць кіраўніцтву», — сьцьвярджае экспэрт Франак Вячорка.

«Гэта сьмешна, — кажа Міхаіл Дарашэвіч, выканаўчы дырэктар арганізацыі Baltic internet policy initiative, якая займаецца лічбавымі мэдыя. — Унікальныя карыстальнікі — гэта ня людзі. І медыйным асобам трэба больш дасканала працаваць з аўдыторнымі дадзенымі, а не карыстацца дадзенымі web-analytics».

Камэнтатары тут жа паставілі гэтую інфармацыю пад сумненьне.

Газэта «Наша Ніва» цытуе сэрвіс Liveinternet, паводле якога у «Спутніка» за апошні 31 дзень налічылася 2,7 мільёна ўнікальных наведнікаў. Але толькі 30% чытачоў сайта — жыхары Беларусі.

Аналітык Агенцтва ЗША па глябальных мэдыях Франак Вячорка называе агучаныя Сіманьян лічбы vanity numbers (лічбы ганарыстасьці). Маўляў, добра, каб паказаць начальству, але яны зусім ня сьведчаць пра ўплыў СМІ ці ляяльнасьць аўдыторыі.

«Мільёны, названыя Маргарытай Сіманьян — гэта ў вялікай ступені выпадковыя наведнікі праз Яндэкс агрэгатар, Яндэкс пошук, рэкамэндацыйны сэрвіс Mail.ru. Паводле сэрвісу аналітыкі Similarweb, ад 60 да 65% наведнікаў заходзяць на стацыянарную вэрсію Sputnik з Расеі, і толькі 25% — зь Беларусі. Больш за 70% адразу выходзяць, не адкрыўшы ніводнай іншай старонкі. Акрамя гэтага, у Спутніка вельмі нізкі узровень утрыманьня аўдыторыі. У сярэднім карыстальнік праводзіць каля хвіліны за візыт. Гэта менш чым у Белсату, і Радыё Свабода, іншых беларускіх мэдыяў. Нават калі дапусьціць, што гэта жывыя людзі — малаверагодна, што за гэтую хвіліну чалавек дачытвае тэкст ці праглядае відэа», — кажа Франак Вячорка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эстоніі спыніла працу расейскае інфармагенцтва Sputnik

«Прыкладна два гады таму Спутнік накруціў на свой тэлеграм-канал ботаў і падняў колькасьць падпісантаў да пяці тысячаў. Але сутнасьць ботаў у тэлеграме такая — што празь некаторы час яны адпісваюцца ці іх выдаляе адміністрацыя тэлеграма. Гэта добра бачна на скрыншоце, як хвалямі расьлі падпісанты на іх канале. Але пры гэтым прагляды паста не растуць. Цяпер у іх усяго 1800 падпісантаў», — кажа блогер Ігар Лосік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто стаіць за парталам RuBaltic.ru, які назваў блогера NEXTA «беларускім Навальным»?