Амаль на два дні жыхары Лепеля засталіся без гарачай вады і ацяпленьня ў кватэрах. Тэмпэратура на дварэ тым часам даходзіла да мінус 5–6 °C.
Пра здарэньне Свабодзе напісалі некалькі чалавек. Людзі цёпла апраналіся дома і грэлі кватэры абагравальнікамі. Лепельчук Віктар напісаў Свабодзе, што яго дзеці зьмерзьлі ў школе і дзіцячым садку.
Як сказала Свабодзе начальніца аддзелу архітэктуры і будаўніцтва, жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Натальля Кляшторная, на помпавай станцыі зламалася помпа. Помпу адрамантавалі, ацяпленьне і гарачую ваду ўключылі 5 лютага.
Галоўны інжынэр Лепельскага ЖКГ сказаў Свабодзе, што без ацяпленьня і гарачай вады застаўся ўвесь горад. Ён сказаў, што прычынай здарэньня сталі «непаладкі на кацельнай». Хоць на момант публікацыі цяпло пусьцілі, пэўныя кватэры могуць нейкі час яшчэ заставацца безь яго. Камунальшчыкі езьдзяць па горадзе і распаветрываюць батарэі. Калі ацяпленьне не зьявілася, галоўны інжынэр ЖКГ параіў лепельчукам аформіць заяўку па тэлефоне 115.