«Мінус 29 за бортам, а яны ззаду ўсю хваставую частку адкрылі. Холад! Пасярод самалёта намёт і вядро. Гэта эвакуацыя?!» — чытачка даслала фатаздымкі з самалёта, у якім эвакуавалася з Уханя яе сваячка-расейка. Там, па словах дзяўчыны, ляцелі і беларусы.
Чытачка Вольга расказала Радыё Свабода пра сваю стрыечную сястру Паліну, грамадзянку Расеі, якая працавала ў кітайскім Ухані. Зранку яна хвалявалася, што зь сястрой няма сувязі больш за 6 гадзін.
Цяпер вядома, што першы борт з эвакуаванымі прызямліўся ў Цюмені каля 9 гадзін ранку. Каля 13 гадзін па беларускім часе Паліна выйшла на сувязь зь сям'ёй.
Умовы эвакуацыі Вольгу абурылі.
«Апошні раз зь імі была сувязь на дазапраўцы ва Ўлан-Удэ. Яна прысылала мне скрын тэлефона, што за бортам мінус 29. Гэта вайсковы самалёт, і яны ззаду ўсю хваставую частку адкрылі. Холад! Ляціць немаўля, ляціць яшчэ дзіця. Пасярод самалёта намёт і вядро. Гэта эвакуацыя?! Прычым усе здаровыя ляцяць. Ужо цяпер невядома, у якім яны стане даляцелі з такімі ўмовамі», — кажа Вольга.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сярод эвакуаваных у Цюмень з Кітаю — 10 грамадзянаў Беларусі. Іх трымаюць пад аховай і з «узмоцненым WI-Fi»У аэрапорце эвакуацыя арганізаваная нармальна, але вялікія чэргі, перадае Вольга словы сястры.
Паводле Вольгі, Паліна працавала ў Кітаі ў тэатры. Вырашыла вярнуцца, бо дома ў яе двое маленькіх дзяцей, муж і маці, а працы падчас абвешчанай эпідэміі не было. Некаторыя яе калегі засталіся ва Ўхані.
«Былі беларускі, украінкі, пра ўсіх неяк клапаціліся. Хаця б званілі з амбасады. А расейцаў успомнілі апошнімі. Нават Банглядэш ужо вывезьлі», — пераказвае Вольга словы сястры.
За нейкі час да эвакуацыі Паліна апублікавала відэаролік, у якім падзялілася сытуацыяй і папрасіла зьвярнуць на іх увагу.
«Намі ніхто не цікавіцца. Мы просім дапамогі. Мы ня ведаем, што рабіць. У мяне ў Расеі сям’я, дзеці, і мы ня ведаем, як дасюль выбірацца. Баімся заразіцца», — кажа ў ім Паліна.
«Так абыходзіцца зь людзьмі — як у хлеў загналі, гэта вяршыня зьдзеку! — абураецца Вольга ўмовамі эвакуацыі. — Самае цікавае, што ўсе карэспандэнты, вайскоўцы ў масках, хімабароне, касьцюмах. А тыя, каго вывозяць, у марлевых масках. Далі ўжо і людзям нешта».
Эвакуаваных разьмясьцілі на карантын у санаторый.
«Пакуль расьсяляюцца, жывуць па два чалавекі. Выходзіць з пакоя нельга на працягу 14 дзён. Пры любым кантакце з суседзямі па санаторыі, зь якімі ляцелі з Кітая, карантын працягнуць яшчэ на 14 дзён», — расказала сястра Паліна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Летальнасьць новага каранавірусу склала 2,1%, — улады Кітаю
- Першы самалёт з расейцамі і грамадзянамі іншых краінаў, эвакуаванымі з Кітаю з прычыны эпідэміі новага каранавіруса, прызямліўся ранкам 5 лютага ў цюменскім аэрапорце. У аэрапорт прыехалі мэдыкі і прадстаўнікі МНС Расеі. Міністэрства абароны Расеі, на чыіх вайсковых самалётах вывозілі людзей, сьцьвярджае, што хворых сярод вывезеных з Кітаю няма.
- Усе эвакуаваныя будуць 14 дзён знаходзіцца ў карантыне ў адным з санаторыяў у прыгарадзе Цюмені. Вядома, што іх нават ня будуць заводзіць у будынак аэрапорта, а адразу на спэцаўтобусах павязуць у санаторый «Горадабудаўнікі» ў пасёлку Вінзілі. Там яны будуць знаходзіцца пад аховай супрацоўнікаў Расгвардыі, а вакол санаторыя пабудаваны два пэрымэтры агароджы, цытуе «Інтэрфакс» прадстаўнікоў апэратыўнага штабу прафіляктыкі каранавірусу.
- Расея абвясьціла, што эвакуюе з Уханя 147 чалавек. Сярод іх, акрамя расейцаў, 10 грамадзянаў Беларусі, 3 — Казахстану, і па адным — Украіны і Армэніі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ