З нагоды 274-х угодкаў з дня нараджэньня Тадэвуша Касьцюшкі ў Менску 4 лютага адбыўся дыпляматычны прыём, арганізаваны амбасадарам Польшчы Артурам Міхальскім і часовай паверанай у справах ЗША ў Беларусі Джэніфэр Мур.
На ім прысутнічалі таксама міністры замежных спраў Беларусі і Літвы Ўладзімер Макей і Лінас Лінкявічус. Адкрываючы імпрэзу, прадстаўніца амэрыканскай амбасады Джэніфэр Мур заявіла:
«Мы верым, што Касьцюшка сёньня знаходзіцца тут з намі».
Амбасадар Польшчы Артур Міхальскі нагадаў, што Касьцюшка нарадзіўся ў Вялікім Княстве Літоўскім, у Слонімскім павеце, які сёньня ёсьць тэрыторыяй сувэрэннае Беларусі. Міхальскі паведаміў, што 4 лютага ён разам з спадарыняй Мур усклаў кветкі ў Мерачоўшчыне да помніка герою ля сядзібы, дзе нарадзіўся Тадэвуш Касьцюшка. Міхальскі назваў беларусаў, палякаў, літоўцаў суайчыньнікамі і братамі ў барацьбе за незалежнасьць:
«І ўсё мы лічым сябе ягонымі спадкаемцамі. Ён наш герой, ён змагаўся за нашу і вашу Свабоду», — сказаў Міхальскі.
Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей выступіў з прамовай аб гістарычнай значнасьці постаці Тадэвуша Касьцюшкі, «чалавека, які належыць да Беларусі, Польшчы, Літвы і ЗША».
Макей заявіў пра неверагодны размах асобы Касьцюшкі. Макей нагадаў, што дзяржаўны сакратар Майк Пампэо, які быў 1 лютага зь візытам у Беларусі, вучыўся ў Вайсковай акадэміі ЗША Вэстпоінт, якую ў свой час заснаваў Тадэвуш Касьцюшка. Макей сказаў, што імпрэза ёсьць працягам візыту дзяржаўнага сакратара ЗША, калі падчас перамоваў бакі абмеркавалі магчымасьці далейшага разьвіцьця адносінаў паміж ЗША і Беларусьсю.
Міністар замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус заявіў, што 4 краіны, прадстаўленыя на імпрэзе, яднае менавіта асоба Тадэвуша Касьцюшкі. Ён згадаў вызначальную ролю Касьцюшкі ў кіраўніцтве антырасейскага паўстаньня 1794 году. Кіраўнік МЗС Літвы дадаў, што нашчадкі Касьцюшкі ў 1863 годзе зладзілі новае паўстаньне пад лёзунгам «За нашу і вашу Свабоду», герояў гэтага паўстаньня летась пахавалі ў Вільні. Лінкявічус заявіў, што свабода не даецца дарма, за яе трэба змагацца, гэта тычыцца і часоў Касьцюшкі, і сучаснасьці.
«Дабраславі Божа нашыя народы. За нашу і вашу Свабоду!», — скончыў прамову Лінкявічус.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лінкявічус: Сувэрэнітэт Беларусі — гэта і наш нацыянальны інтарэсПадчас імпрэзы паказалі відэазвароты з нагоды дня народзінаў Касьцюшкі ад дзяржаўнага сакратара ЗША Майкла Пампэо і міністра замежных справаў Польшчы Яцэка Чапутовіча.
Відэазварот Пампэо запісалі ў амбасадзе ЗША ў Менску каля помніку Тадэвушу Касьцюшку, аднаго з двух помнікаў кіраўніку паўстаньня 1794 году, якія стаяць у Беларусі. Пампэо згадаў сваю вучобу ў акадэміі Ўэстпойнт. Унёсак Касьцюшкі ў амэрыканскую свабоду, паводле Пампэо, ведае кожны кадэт гэтай акадэміі.
Міністар замежных справаў Польшчы Яцэк Чапутовіч, сказаў што імем Касьцюшкі ў Польшчы названыя тысячы плошчаў, вуліц і школ. Помнікі Касьцюшку стаяць па ўсім сьвеце, у тым ліку ў Мерачоўшчыне, на радзіме ваяра. Касьцюшка быў сынам Рэчы Паспалітай, сказаў Чапутовіч, і горача верыў ва ўнівэрсальную ідэю свабоды.