Дзесяць грамадзян Беларусі плянуюць эвакуаваць сёньня або заўтра (4 або 5 лютага) з Кітаю самалётам Расеі, паведаміла БелТА прэс-сакратарка Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун.
«Усіх 10 чалавек, якія зьвязаліся з амбасадай Беларусі ў Кітаі, эвакууюць самалётам Расеі, яны будуць знаходзіцца ў карантыне ў суседняй краіне. На сёньня яны адчуваюць сябе здавальняюча і пасьля праходжаньня карантыну іх вернуць на радзіму», — адзначыла Юлія Барадун.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У эвакуаваных з Уханя беларусаў каранавірусу не знайшліУ Беларусі на новы вірус ужо праверылі больш за 300 чалавек, каранавірус у краіне не зарэгістраваны, удакладніла прэс-сакратарка Мінздароўя.
2 лютага з кітайскага Ўханю эвакуавалі пяць грамадзян Беларусі. Іх зьмясьцілі на карантын у Казахстане, цяпер усе яны знаходзяцца ў супрацьінфэкцыйным корпусе пры шматпрофільнай лякарні Нур-Султану, іх стан цалкам здавальняе. Яны пройдуць тэставаньне на каранавірусную інфэкцыю і будуць знаходзіцца ў лякарні да канца карантыну.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ