Стаў бы палітыкам, журналістам, абараняў бы беларускую мову — моладзь, якая прыйшла на прэзэнтацыю кнігі Сяргея Абламейкі «Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі», распавядае, якім быў бы сучасны Каліноўскі.
На імпрэзу ў ОК-16 сабраліся дзьве сотні чалавек. «Гэта наш першы палітык. Гэта палітычны бацька Беларусі», — патлумачыў аўтар Сяргей Абламейка назву і канцэпцыю сваёй працы.
«Быў бы радыкальным палітыкам, як Статкевіч»
А перад пачаткам мы спыталі маладых, чым бы займаўся Каліноўскім, калі б трапіў у сучаснасьць.
«Заняўся б палітыкай, змагаўся б за незалежнасьць Беларусі», — адказвае блогер Шэры Кот. Насамрэч яго зваць Зьміцер Казлоў, ён з Воршы, мае 120 сутак арышту за акцыі супраць інтэграцыі, а з прэзэнтацыі вядзе трансьляцыю ў свой блог на Ютуб.
«Як канкрэтна ён бы гэта рабіў, складана ўявіць, бо часы іншыя, — працягвае блогер. — Але ўлічваючы ягоную пазыцыю, быў бы чымсьці накшталт радыкальнага палітыка, як Статкевіч».
«Быў бы палітычным блогерам, які б выкрываў хібы сучаснай сыстэмы. Кшталту Пальчыса! — адказвае на пытаньне Арамаіс. — Такія асобы, як Каліноўскі, заўжды трэба. Ніколі ня лішнія, асабліва ў такой сытуацыі, як Беларусь зараз».
Гісторык Андрусь таксама ўпэўнены, што сёньня Каліноўскі «пайшоў бы ў палітыку».
«Паколькі палітыка зараз рэч забароненая, то паступова сышоў бы да рэвалюцыйнай барацьбы. Напісана ж: Калі ўлада ператвараецца ў тыранію, народ мае права на паўстаньне. Каліноўскі б гэтым правам скарыстаўся б», — кажа малады гісторык.
«Ён бы прывёў беларускую мову ў сэрцы людзей», — мяркуе Яна.
«Ён бы паказаў, што беларуская мова і культура — гэта клясна і сучасна, і яна мае быць паўсюль. І гэта было б проста нармальна», — падтрымлівае яе сяброўка Васіліна.
«Зьменай палітычнай улады», — упэўнена адказвае Амалія
«Выступаў бы за ўжываньне беларускай мовы, — тлумачыць сваю вэрсію Раман. — Ён часта казаў, што гэта мова мужыцкая, але вельмі прыгожая. Ён бы зрабіў беларускую мову прасьцей, каб кожны мог яе разумець і карыстацца. А цяпер яна не распаўсюджаная і некаторыя патрэбныя выразы людзі ня могуць перакласьці на родную мову».
«Напэўна, зрабіў бы, каб Беларусь ад Расеі менш залежала. Ды прыкладна тым жа, чым і займаўся», — кажа Соф’я.
«Каліноўскі і сёньня з намі»
Сама імпрэза пачалася з гусьляў Алеся Чумакова, які сьпяваў у гонар паўстанцаў ірляндзкія вызваленчыя гімны.
«Я падумаў і ўбачыў, што мы яшчэ недаацэньваем і недадумалі, што адбылося ў 19 стагодзьдзі ў нашай гісторыі. І не зусім разумеем ролю паўстаньня Кастуся Каліноўскага», — пачаў свой выступ аўтар кнігі Сяргей Абламейка, — Але мы жывем у 21 стагодзьдзі. Эўрапейскія гісторыкі даўно ўжо ўсё знайшлі, усё вядома. Цяпер трэба думаць, што адбылося. Час і нашым гісторыкам заняцца тым жа».
Ён дзякуе рэдактарам кнігі Аляксандру Лукашуку, Сяргею Дубаўцу і дызайнэру Генадзю Мацуру.
«Каліноўскі і сёньня з намі, — кажа ў сваім выступе гісторык Уладзімер Арлоў. — Ён разам з намі бароніць нашу незалежнасьць. І праз 155 гадоў зьбірае нас пад сьцягі вольнасьці. Зьбірае на плошчы, якую мы назвалі ў 2006-м годзе яго імем. А тым, хто няздольны і сёньня сфармуляваць нашую нацыянальную ідэю, Каліноўскі нагадвае паўстанскі пароль: «Каго любіш? Люблю Беларусь».
Пісьменьнік Сяргей Дубавец распавёў, што яшчэ 20 гадоў таму у Вільні месца пахаваньня ні для кога не было сакрэтам. Яны зь сябрамі і паплечнікамі прыходзілі туды, праводзілі ганаровыя імпрэзы, пакідалі кветкі, не пакідаючы намаганьняў яго уганараваць належным чынам.
«Мы гаварылі зь беларускімі гісторыкамі, але яны людзі нерашучыя, не ўгрызьліся ў гэтую тэму. Літоўцам гэта было ня трэба, бо паўстаньне ў іхнай гістарыяграфіі лічылася хутчэй шкодным, чым карысным», — тлумачыць Дубавец. І згадвае, як тры гады таму апоўзень адкрыў на гары Гедыміна пахаваньні паўстанцаў:
«Нягледзячы на нязгоды літоўцаў і нерашучасьць беларусаў, Каліноўскі зрабіў гэта сам. Ён выйшаў і сказаў „вось я ёсьць“».
«Мяне не пакідае містычнае пачуцьцё і я думаю, што гэтую кнігу таксама напісаў Каліноўскі рукамі Абламейкі», — кажа Сяргей Дубавец. Ён праанансаваў выхад кнігі «Каліноўскі на Свабодзе», якая выйдзе неўзабаве і на 800 старонках зьбярэ самыя апошнія зьвесткі і дыскусіі вакол асобы Кастуся Каліноўскага і паўстаньня 1863-64-гг.
«Мужыцкая праўда № 8»
Павал Церашковіч, прафэсар гісторыі, менавіта так у сваім выступе ахарактарызаваў кнігу Сяргея Абламейкі — „Мужыцкая праўда № 8».
«Я шкадую і дзіўлюся, што Кастуся усё яшчэ трэба бараніць. Прычым часам ад беларускіх гісторыкаў», — кажа Сяргей Абламейка. Ён прыводзіць у прыклад цытату дэпутата Палаты прадстаўнікоў, гісторыка Ігара Марзалюка, які сказаў пра Каліноўскага, што «чалавек, які называў праваслаўе сабачай верай, ня можа быць нацыянальным героям Беларусі».
«Гэта каньюнктурная заява, на жаль, палітыка ў нас такая, гэта рускі мір дыктуе людзям гаварыць такое», — абураецца ў сваім выступе Абламейка. І ў кароткім гістарычным экскурсе тлумачыць для прысутных, што Каліноўскі абараняў ідэю Уніі, а гістарычнымі дадзенымі даводзіць, што сярод паўстанцаў было шмат праваслаўных.
«Кастусь мае патрэбу ў абароне. Мы павінны ведаць, што ў Беларусі існуе гістарычная навука. Ня толькі афіцыйная, але і неафіцыйная», — даводзіць Абламейка. — Але ня маем права судзіць Кастуся, бо тады ў яго былі іншыя прыярытэты».
«2019 год расставіў апошнія кропкі над і і крэскі над ў у пытаньні адносінаў Каліноўскага да Беларусі. Гэта бел-чырвона-белая вільня на пахаваньні Каліноўскага», — кажа ў сваім выступе доктарка тэалёгіі Ірына Дубянецкая.
Яна згадвае падзеі 22 лістапада, калі ў Вільні адбылося ўрачыстае перапахаваньне парэшткаў Каліноўскага і іншых паўстанцаў.
«Каліноўскі не патрапіў у сучасную Беларусь, але сучасная Беларусь паехала да Каліноўскага ў Вільню», — заключае Дубянецкая.
Свабода раздавала папяровыя экзэмпляры кнігі ахвочым запоўніць анкету. Электронная вэрсія кнігі неўзабаве мае зьявіцца ў Бібліятэцы Свабоды.