У штаце Аёва 3 лютага выбарнікі-дэмакраты ўзялі ўдзел у кокусах, каб вызначыць, хто стане супернікам прэзыдэнта Дональда Трампа на сёлетніх лістападаўскіх выбарах, паведамляе Голас Амэрыкі.
На штат Аёва прыпадае менш за 1 працэнт насельніцтва краіны, а пражываюць там у асноўным белыя амэрыканцы, таму штат не занадта добра адлюстроўвае уласьцівую краіне расавую і этнічную разнастайнасьць, адзначае Голас Амэрыкі. Аднак, па традыцыі, кокусы ў Аёве займаюць першае месца ў палітычным календары барацьбы за Белы дом.
Паводле Голасу Амэрыкі, вынік галасаваньня ў Аёве цяжка прадказаць. У барацьбе бяруць удзел 11 кандыдатаў нават пасьля таго, як дзясятак прэтэндэнтаў на намінацыю выйшлі з гонкі па прычынах нізкіх рэйтынгаў або недахопу фінансаваньня.
Апытаньні грамадзкай думкі ў штаце дэманструюць напружаную барацьбу паміж сэнатарам ад штату Вэрмант Бэрні Сандэрсам і былым віцэ-прэзыдэнтам Джо Байдэнам, які змагаецца за намінацыю ўжо трэці раз.
Трохі адстаюць ад двух вядучых кандыдатаў сэнатарка Элізабэт Уорэн і былы мэр гораду Саўт-Бэнд ў штаце Індыяна Піт Бутыджэдж.
У адрозьненне ад праймэрыз, падчас якіх выкарыстоўваюцца бюлетэні, кокусы ўяўляюць сабой сходу выбарнікаў у школах, мэрыях, проста складах ці нават прыватных дамах.
Выбарнікі падтрымліваюць кандыдатаў шляхам падыманьня рукі ці аб’яднаньня ў групы. Паўнапраўнымі ўдзельнікамі кокусу лічацца толькі тыя кандыдаты, якія набіраюць ня менш за 15 працэнтаў галасоў прысутных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Слоўнік амэрыканскіх прэзыдэнцкіх выбараў: Што такое кокусы, праймэрыз і калегія электараўПрыхільнікі кандыдатаў, якія не прайшлі гэтага парогу, могуць падтрымаць іншага кандыдата, перш чым будзе падведзены афіцыйны вынік.