У Беларусі адказалі на расейскія абвінавачаньні ў плягіяце новай вінтоўкі

Стэнд з стралковай зброяй на выставе Milex-2019

У Дзяржаўным камітэце вайсковай прамысловасьці Беларусі зьняпраўдзілі прэтэнзіі прадстаўніка расейскага вытворцы зброі, які абвінаваціў беларусаў у вырабе снайпэрскай вінтоўкі з выкарыстаньнем патэнтаваных расейскіх элемэнтаў.

«Інфармацыя пра вінтоўку дакладная, але фатаздымак быў амаль гадавой даўнасьці. Гэта ўжо іншая вінтоўка», — сказаў Свабодзе афіцыйны прадстаўнік Дзяржкамваенпраму Ўладзімер Лаўрынюк.

Паводле яго, днямі Дзяржкамваенпрам апублікуе падрабязны афіцыйны адказ на прэтэнзіі і прадставіць фатаздымкі цяперашняй снайпэрскай вінтоўкі SCR-TigerBY.

Сузаснавальнік расейскай кампаніі Sureshot Armament Group Валянцін Уласенка ў сваім фэйсбуку пракамэнтаваў інфармацыю з афіцыйнага сайта Мінабароны Беларусі пра распрацоўку вінтоўкі SCR-TigerBY. Інфармацыя была разьмешчаная разам з фатаздымкам, зробленым у траўні мінулага году на выставе ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі Milex-2019 у Менску.

Вінтоўку распрацавалі ў ТАА «БСВТ — Новыя тэхналёгіі» (даччынае прадпрыемства спэцэкспартэра «Белспэцзьнештэхніка») на базе вядомай у СССР снайпэрскай вінтоўкі Драгунова (СВД). Валянцін Уласенка абвінаваціў беларусаў у частковым плягіяце. У якасьці доказу прывёў тое, што на фота беларускай вінтоўкі фігуруюць шасі і камплект прыкладу вытворчасьці ягонай кампаніі, якія запатэнтаваныя ў Расеі.

Неўзабаве пасьля гэтага камэнтару Мінабароны Беларусі зьняло з сайта інфармацыю пра распрацоўку снайпэрскай вінтоўкі «Тыгр». Чаму?

«На прадпрыемстве, дзе вырабляецца гэтая вінтоўка, зьнялі інфармацыю пра яе, таму і мы зьнялі сваю інфармацыю», — сказаў Свабодзе прэсавы сакратар галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Міністэрства абароны Ўладзімер Макараў. Паводле яго, вінтоўку «Тыгр» прадставілі на выставе ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі Milex-2019, якая летась прайшла ў Менску — і яна ня выклікала прэтэнзій.

Атрымаць камэнтар ад прадпрыемства «БСВТ — Новыя тэхналёгіі», дзе распрацавалі вінтоўку «Тыгр» не ўдалося. Афіцыйны прадстаўнік Дзяржкамваенпраму Ўладзімер Лаўрынюк сказаў Свабодзе, што Валянцін Уласенка не зьвяртаўся да беларускага распрацоўшчыка вінтоўкі з прэтэнзіямі.

«Летась у траўні на выставе ў Менску была прадэманстраваная вінтоўка ў адзіным экзэмпляры, фактычна гэта была канцэпцыя. З таго часу правялі вопытна-канструктарскую працу, цяпер у вінтоўкі зусім іншае шасі і прыклад. Нават візуальна яна значна адрозьніваецца ад той, што была на выставе», — сказаў Уладзімер Лаўрынюк.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 48 мільёнаў даляраў заробіць завод у Баранавічах на рамонце натаўскіх штурмавікоў

Дзе вырабляюцца беларускія «Тыгры»?

Паводле зьвестак незалежнага вайсковага экспэрта Аляксандра Алесіна, снайпэрскія вінтоўкі «Тыгр» вырабляюць на заводзе пад Воршай.

«Там прыкладна 150 чалавек працуе. Зьбіраюць „Тыгры“ з камплектуючых фактычна ўручную — і гэта самы дарагі складнік кошту. Мяркую, што гэтай вінтоўкай плянуецца ўзброіць падразьдзелы спэцыяльных сілаў, бо ранейшая вінтоўка СВД не забясьпечвала патрэбнай для іх дакладнасьці стральбы», — сказаў Аляксандар Алесін.

Аглядальнік таксама выказаўся пра тое, чаму маглі ўзьнікнуць прэтэнзіі да беларускага «Тыгра».

«Усім вядома, што калі зьбіраецца нейкая рэч з камплектуючых, але дадаецца шмат чаго і свайго, дык гэта ўжо арыгінальная рэч. Не выключаю, што прэтэнзіі расейцаў да нашых „Тыграў“ тлумачацца абвастрэньнем адносін паміж Расеяй і Беларусьсю», — мяркуе Аляксандар Алесін.

У прэсавай службе Мінабароны Свабодзе сказалі, што на ўзбраеньні беларускага войска снайпэрскіх вінтовак «Тыгр» няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка пра гэта не падумаў». Экспэрт тлумачыць, як праверка баяздольнасьці беларускага войска супала зь візытам Пампэо
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мала і дорага. Экспэрт пра пастаўку расейскіх зьнішчальнікаў Су-30СМ