Падчас аднадзённай рабочай паездкі ў Казахстан 2 лютага дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо даў інтэрвію казахскай рэдакцыі Радыё Свабода. Дыплямат распавёў пра пазыцыю Злучаных Штатаў Амэрыкі адносна «лягераў палітычнага перавыхаваньня» у Сіньцзяне, наконт прыярытэтаў ЗША ў Цэнтральнай Азіі, а таксама пра пэрспэктывы супрацоўніцтва з Казахстанам.
Гаворачы пра рэпрэсіі супраць уйгураў у Сіньцзяне і паводзіны Казахстану ў гэтым пытаньні, Пампэо адзначыў:
«Злучаныя Штаты маюць выразную пазыцыю [па гэтым пытаньні]. Дзе б мы ні прысутнічалі, мы просім, каб да кожнага чалавека ставіліся з годнасьцю і павагай, якіх ён заслугоўвае. Урад Казахстану зрабіў добрую працу, яны не вярнулі людзей назад [маюцца на ўвазе этнічныя казахі з Кітаю, якія просяць прытулку ў Казахстане. — РС], як патрабаваў таго ўрад Кітаю, мы рады гэтаму. Але мы ведаем, што гэта праблема, якую трэба вырашыць».
Адносна палітычнай сытуацыі ў Казахстане пасьля таго, як Нурсултан Назарбаеў склаў свае прэзыдэнцкія паўнамоцтвы, Пампэо сказаў:
«Мы назіраем рэальнае паляпшэньне тут, у Казахстане. Мы бачым, што новы ўрад імкнецца да зьменаў, якія могуць стаць рэальнымі рэформамі. Вы можаце гэта [самі] бачыць. Вы можаце назіраць, як сюды прыходзяць амэрыканскія кампаніі, таму што ўмовы тут паляпшаюцца, адбываюцца сапраўдныя рэформы. Амэрыканскія кампаніі ня будуць прыяжджаць і рабіцца часткай краінаў, у якіх няма вяршэнства права, павагі да людзей, усіх тых рэчаў, якія ствараюць краіны, якія паважаюць правы чалавека».
Адказваючы на пытаньне пра прыярытэты палітыкі Вашынгтону ў Цэнтральнай Азіі, Пампэо адзначыў:
«Мы хочам росквіту ў Цэнтральнай Азіі. Мы хочам, каб кожны з народаў гэтага рэгіёну быў незалежным і сувэрэнным. Мы хочам, каб яны разьвівалі сваю унікальную культуру, якая адлюстроўвае іх ідэнтычнасьць. Таму мы працуем разам зь імі, каб усяго гэтага дасягнуць. Мы забясьпечым [Цэнтральную Азію] сапраўднымі амэрыканскімі рэсурсамі, каб гэтага дасягнуць, і мы працягнем наша знаходжаньне тут [у рэгіёне]».