Падчас візыту ў Менск амэрыканскі дзяржаўны сакратар Майк Пампэо заявіў, што ЗША гатовыя паставіць 100% нафты, якая патрэбная Беларусі, да таго ж па канкурэнтных цэнах.
Разьбіраемся, колькі нафты ў ЗША, па якіх цэнах яна прадаецца і хто яе ў сьвеце ўжо купляе.
Адкуль у ЗША столькі нафты, што яна прапануе яе Беларусі?
Найбуйнейшым вытворцам нафты ў сьвеце ЗША сталі дзякуючы нетрадыцыйным спосабам яе здабычы. Так званая «лупняковая рэвалюцыя» пачалася ў 2008 годзе. Сутнасьць яе ў тым, што нафту здабываюць з лупняковых (сланцавых) пародаў. Пры гэтым ЗША здабываюць нафту і традыцыйным чынам, пераважна ў Тэхасе.
Паклады лупняковай нафты, якую тэхнічна магчыма здабываць, выявілі і ў іншых краінах сьвету, але пакуль толькі амэрыканцам удалося выгадна і ў вялікіх маштабах здабываць нафту такім чынам.
Вытворчасьць як сырой нафты, так і кандэнсату з лупняковых пародаў цяпер складае каля 61,6% агульнай здабычы нафты ў ЗША. У 2009 годзе вытворчасьць сыравіны з лупняку складала ўсяго 12 працэнтаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пампэо: ЗША «хочуць дапамагчы Беларусі пабудаваць сувэрэнную краіну», але санкцыі пакуль не скасоўваюцьКолькі нафты здабываюць ЗША ў дзень і ці шмат гэта?
У канцы 2019 году здабыча нафты ў ЗША дасягнула 12,5 мільёна барэляў у дзень. За папярэднія 10 гадоў агульная вытворчасьць у ЗША вырасла на 135%.
Гэта шмат. Амэрыканцы абышлі ранейшых лідэраў здабычы:
- Расею (11,051 мільёна барэляў у дзень),
- Саудаўскую Арабію (10,545 мільёна барэляў у дзень).
Паводле ацэнак Інфармацыйнага агенцтва Дэпартамэнту энэргіі ЗША (EIA), у 2020 годзе плянуецца здабываць нафту на ўзроўні 13,3 мільёна барэляў у дзень.
Беларусь у 2019 годзе набыла ў Расеі 24 млн тон нафты, то бок амаль 170 млн барэляў. Аб’ём нафты, якую Беларусь купляе ў Расеі, амэрыканцы здабываюць прыблізна за 2 тыдні.
Калі ў ЗША так шмат нафты, то чаму яна яе надалей купляе за мяжой?
ЗША імпартуюць нафту ад 1949 году. У 2018 годзе імпарт склаў каля 9,94 млн барэляў нафты ў дзень — амаль з 90 краін. Навошта?
Найпрасьцейшы адказ — каб умацаваць энэргетычную бясьпеку. Але ня толькі. Гэта і чыста эканамічны разьлік. Нафта з пэўных краін таньнейшая для ЗША, чым уласная. Гэтаксама і нафтапрадукты.
Сярод найбуйнейшых экспартэраў нафты ў ЗША — Канада, Саудаўская Арабія, Мэксыка.
Зьмены ў здабычы прывялі да абмежаваньня імпарту з-за мяжы ажно на 30% у параўнаньні з 2004 годам, калі быў зафіксаваны найвялікшы паказьнік імпарту. Чакаецца, што рост здабычы дазволіць ЗША налета экспартаваць больш, чым імпартаваць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Уступленьне Беларусі ў NATO і Эўразьвяз, крэдыт на $25 млрд». Што тэлеграм-каналы напісалі пра візыт ПампэоХто купляе амэрыканскую нафту
Амэрыка пачала шырока прадаваць нафту — і лупняковую, і здабытую традыцыйным спосабам, — з 2015 году, калі Кангрэс зьняў абмежаваньне на экспарт, якое дзейнічала 40 гадоў. Ужо ў першай палове 2016 году ЗША паставілі ў 17 краін сьвету больш за 87 мільёнаў барэляў нафты і кандэнсату, падлічыў Bloomberg на падставе зьвестак US Census Bureau.
Паводле EIA, у верасьні 2019 году ЗША экспартавалі на 89 тысяч барэляў нафты больш, чым імпартавалі.
Нафта з ЗША знаходзіць пакупнікоў ня толькі ўнутры краіны. У 2018 годзе амэрыканцы экспартавалі нафту прыблізна ў 190 краін і на 4 тэрыторыі ЗША.
Галоўным атрымальнікам амэрыканскай сыравіны стала Канада, у якую паступіла 53,5 мільёна барэляў. Гэта зьвязана з тым, што ў Канаду амэрыканцы пастаўлялі нафту яшчэ да поўнага скасаваньня забароны ў 2015 годзе.
За Канадай — Кюрасао (8,68 млн барэляў) і Нідэрлянды (6 млн барэляў). Да найбуйнейшых імпартэраў амэрыканскай нафты адносяцца таксама Вялікая Брытанія і Японія.
Колькі каштуе амэрыканская нафта?
Сёньня, 3 лютага, барэль нафты West Texas Intermediate каштуе 51,32 даляра. Нафта эўрапейскай маркі Brent — 56,07 даляра за барэль.
На 2020 і 2021 гады EIA прагназуе сярэднія цэны на сырую нафту West Texas Intermediate (WTI) прыкладна на 5,5 даляра за барэль ніжэйшыя, чым на Brent.
Паводле Белстату, у студзені-кастрычніку 2019 году Беларусь імпартавала нафту з Расеі за сярэднюю цану 50 даляраў/барэль. Невядома, ці ўваходзіць у гэтую суму мыта — бо Расея вяртае яго Беларусі. Летась вернутая сума склала чвэрць цаны.
Ці купляе хто з суседзяў Беларусі амэрыканскую нафту?
Так. Напрыклад, у лістападзе 2017 году першыя пастаўкі амэрыканскай нафты пачала атрымліваць Польшча. Ужо ў 2018 годзе ЗША сталі чацьвёртым велічынёю пастаўніком нафты ў Польшчу. З студзеня па ліпень было ўвезена каля 6 мільёнаў барэляў.
Цяпер пастаўкі амэрыканскай нафты ў Польшчу разавыя.
Сярэдняя цана нафты, імпартаванай з Расеі, склала для Польшчы 59,7 даляра за барэль, а нафты з ЗША — 65,6 даляра.
Ці змогуць беларускія НПЗ перапрацоўваць амэрыканскую нафту?
НПЗ у Беларусі прыстасаваныя перапрацоўваць расейскую нафту Urals. Каб перапрацоўваць амэрыканскую нафту, трэба адмысловае абсталяваньне.
Нафта з ЗША інакшая, чым расейская. Амэрыканскую сыравіну называюць «салодкай», гэта значыць у ёй менш злучэньняў серы. У сваю чаргу, расейская нафта «кіслая» — у ёй серы больш.
Польскія НПЗ прызнаюць, што могуць перапрацоўваць на сваіх НПЗ амэрыканскую нафту і маюць для гэтага неабходныя тэхналягічныя магчымасьці. Аднак застаецца невядомым, ці ёсьць падобныя магутнасьці на беларускіх НПЗ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША гатовыя ўступіць у канкурэнцыю з Расеяй за Беларусь, — экспэртА як можна пастаўляць амэрыканскую нафту ў Беларусь?
Гэтаксама, як яна трапляе ў суседнюю Польшчу. Спачатку марскім шляхам на танкерах. Затым уся сыравіна трапляе ў нафтапорт на ўзьбярэжжы Балтыкі. Адтуль яе можна было б чыгункай завозіць у Беларусь.
Але ёсьць праблема. Магутнасьці балтыйскіх нафтапортаў абмежаваныя. Тыя колькасьці, які Беларусь атрымлівала ад Расеі (24 млн тон у 2019 годзе), яны ня змогуць прапускаць фізычна.
Якія прагнозы наконт амэрыканскай нафты?
Паводле прагнозаў Вritish Рetroleum, да 2035 году ЗША будуць нязьменным лідэрам у здабычы нафты і павялічаць яе да 17 мільёнаў барэляў у дзень. Згодна з тым жа прагнозам, у гэты пэрыяд Расея павялічыць здабычу нязначна — да 12 мільёнаў барэляў у дзень.