У панядзелак, 3 лютага, а 19.00 у прасторы «ОК 16» (Менск, Кастрычніцкая вуліца, 16) Сяргей Абламейка прэзэнтуе сваю кнігу «Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі». Свабода вядзе жывую відэатрансьляцыю.
У часе пахаваньня Каліноўскага і яго паплечнікаў у Беларусі вялося шмат дыскусіяў пра Кастуся: наш ці ня наш, герой ці не герой, любіць ці не любіць. Новая кніга падводзіць рысу пад гэтымі спрэчкамі і расстаўляе ўсе кропкі над «і».
Доктар гісторыі Сяргей Абламейка ў сваёй кнізе па-новаму разглядае асобу і дзейнасьць Кастуся Каліноўскага і бачыць за яго сацыяльнай рыторыкай глыбокі нацыянальны зьмест. Днём нараджэньня мадэрнай Беларусі, якая раней існавала пад назвамі і Русь, і Літва, аўтар прапануе лічыць 1 лютага 1863 году, калі ў Вільні быў утвораны Часовы правінцыйны ўрад Літвы і Беларусі на чале зь Вінцэнтам Канстанцінам (Кастусём) Каліноўскім.
Паводле аўтара, гэта сыстэмны і аргумэнтаваны адказ крытыкам Каліноўскага і адначасова — кароткая гісторыя нараджэньня новай беларускай ідэнтычнасьці ў ХІХ стагодзьдзі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 пастулятаў беларускай нацыянальнай ідэі паводле КаліноўскагаСвабода раздавала папяровыя экзэмпляры кнігі ахвочым запоўніць анкету. Электронная вэрсія кнігі неўзабаве мае зьявіцца ў Бібліятэцы Свабоды.
Аўтар ужо прэзэнтаваў кнігу на ўстаноўчым сходзе грамадзкай ініцыятывы «Дзея» і на музычным фэсьце «Uzajemna», прымеркаваным да дня народзінаў Кастуся Каліноўскага.