Кошт візы павялічыўся 2 лютага разам з уступленьнем у сілу новага візавага кодэксу Эўразьвязу.
Беларусы чакалі зьніжэньня кошту шэнгенскай візы шмат гадоў. Перамовы паміж Беларусьсю і Эўразьвязам пачаліся ў 2014 годзе і працягваліся з рознай ступеньню інтэнсіўнасьці. 8 сьнежня 2019 году была падпісаная канчатковая дамова.
Але першая сэсія беларускай Палаты прадстаўнікоў пачнецца толькі ў красавіку. Таму ратыфікаваць дамову ў Беларусі проста няма каму. Ад моманту ратыфікацыі да ўступленьня яе ў сілу павінна прайсьці яшчэ два месяцы. Таму візы па 35 эўра дастануцца беларусам не раней за чэрвень. Свабода паразмаўляла зь беларусамі, якія ня могуць столькі чакаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз і Беларусь падпісалі пагадненьне, якое дае магчымасьць візаў па 35 эўра. ФОТА, ВІДЭА«Мы з жонкай тут, яна ўжо пайшла падавацца, а я стаю, чакаю, — кажа мужчына, якога сустракаем на ганку польскага консульства на менскай вуліцы Крапоткіна. — Вырашылі рабіць візу за 80 эўра, жонка да дачкі паедзе ў Варшаву. А што рабіць? Дорага, канечне. Каб было таньней, то, можа, і яшчэ зрабілі б. А так за дваіх 160 эўра заплаці. Спадзяюся, хоць жонцы на 5 гадоў дадуць, дачка даслала запрашэньне. Яна нас адтуль рэгістравала ў консульстве. Зь Менску зарэгістравацца немагчыма».
Пад консульствам у першы дзень дзеяньня новых правілаў амаль нікога няма. Страхаўшчыкі ў аддзяленьні «Белдзяржстраху» кажуць, што так тут было і да падаражэньня. Зарэгістравацца самастойна на падачу дакумэнтаў у консульства цяпер складана. Ахоўнік раз-пораз адчыняе дзьверы і запрашае ахвотных падаваць дакумэнты на візы альбо на карту паляка. Апошніх значна больш. Па словах нашага суразмоўцы, ён сочыць за навінамі і ведае пра падпісаньне дамовы аб зьніжэньні кошту візаў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам.
«Яшчэ не да канца зразумела, ці зьнізяцца тыя кошты, — кажа мужчына. — Паглядзім. Гэта ж у канцы сакавіка яны могуць сабрацца і прагаласаваць? А чаму тады візы патаньнеюць толькі ў чэрвені? Паглядзім, як будзе».
Пакуль размаўляем, падаваць дакумэнты на візу ў консульства прыходзяць яшчэ некалькі чалавек. «80 эўра, канечне, дорага, — кажа адна зь іх. — Але ня факт, што візы патаньнеюць».
Значна людней у прыёмнай польскага візавага цэнтру на пятым паверсе гандлёвага цэнтру «Галілео». Тут нават чарга.
«Я вырашыла не чакаць і зрабіць візу цяпер, хачу ў адпачынак паехаць, — кажа дзяўчына, якая прыйшла падаваць дакумэнты разам са сваім хлопцам. — Заплянавалі падарожжа, трэба рабіць візу. Колькі папросяць грошай за ўсё, пакуль ня ведаю. Толькі дакумэнты прынесла. Пра тое, што візы могуць патаньнець, я чула. Але ня ведаю, ці адбудзецца гэта».
Тым часам кліентам візавых цэнтраў «шэнген» абыходзіцца значна даражэй, чым 80 эўра. Трэба сплаціць яшчэ абавязковы збор. «Я 223 рублі заплаціў толькі што, — прызнаецца адзін з кліентаў. — Але мне па працы трэба ехаць, не магу чакаць да лета».
Акрамя падаражэньня візаў, новы візавы кодэкс Эўразьвязу прынёс і зьмены на лепшае. Ён павялічвае колькасьць катэгорый замежных грамадзян, якія могуць разьлічваць на бясплатную візу. Таксама эўрапейскія чыноўнікі абяцаюць, што пачнуць выдаваць больш пяцігадовых візаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад сёньня кошт шэнгенскіх візаў для беларусаў складае 80 эўра ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нясе пагрозу нацыянальнай бясьпецы Літвы». Эканамісту Раманчуку забаранілі ўезд у Шэнгенскую зону ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пампэо: ЗША «хочуць дапамагчы Беларусі пабудаваць сувэрэнную краіну», але санкцыі пакуль не скасоўваюць ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Brexit і яго наступствы. Усё, што трэба ведаць пра выхад Вялікай Брытаніі з Эўразьвязу