Падзеі 10 лютага ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
Дата дня
10 лютага 1938 году быў расстраляны беларускі пісьменьнік Максім Гарэцкі.
Аўтар «Руні», «Камароўскай кронікі» і «Дзьвюх душ», слоўнікаў і кніг пра гісторыю беларускай літаратуры, трапіў пад крытыку ў савецкім друку ў 1929 годзе, быў арыштаваны 19 ліпеня 1930 году нібы за прыналежнасьць да «Саюзу вызваленьня Беларусі». У 1931 годзе быў асуджаны на ссылку на 5 год у Вятку. Ад 1935 году працаваў у Кіраве (былой Пясочні Калускай вобласьці) школьным настаўнікам расейскай мовы і літаратуры. У 1937 годзе зноў быў арыштаваны, а затым расстраляны па прысудзе «тройкі» НКУС (гэта значыць — завочна, без пратаколу і практычна без суду).
Яму было 44 гады. Жонцы паведамілі больш як праз год, што ён памёр ад кровазьліцьця ў мозг. Рэабілітаваны ў 1957 годзе, але сапраўдныя факты пра расстрэл былі апублікаваныя толькі ў 1992-м.
500 найлепшых кніг за 500 гадоў
Таксама ў гэты дзень
1921 — у складзе Наркамату асьветы БССР стварылі Навукова-тэрміналягічную камісію, каб распрацоўваць тэрміналёгію на беларускай мове.
1940 — адбыўся першы этап дэпартацыі насельніцтва з Заходняй Беларусі. 50 тысяч чалавек вывезьлі ў Сыбір і Казахстан.
1962 — адзін з найбольш славутых абменаў шпіёнамі паміж ЗША і СССР: зьбіты над СССР у 1961-м пілёт амэрыканскага шпіёнскага самалёта U2 Фрэнсыс Гэры Паўэрс быў абменены на савецкага шпіёна Вільяма Фішара, якога ў 1957-м амэрыканцы засудзілі былі на 30 гадоў турмы. Гісторыя лягла ў аснову сцэнароў мастацкіх фільмаў «Мёртвы сэзон» (СССР, 1968) і «Мост шпіёнаў» (ЗША, 2015).
2005 — КНДР заявіла аб стварэньні ядзернай зброі.
У гэты дзень нарадзіліся
1868 — Карусь Каганец, беларускі пісьменьнік, мастак, графік, скульптар і мовазнавец.
1883 — Станіслаў Булак-Балаховіч, вайсковец і палітычны дзяяч.
1890 — Барыс Пастарнак, расейскі паэт і пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры 1958 году.
1898 — Бэртальт Брэхт, нямецкі пісьменьнік.
1903 — Вінцэнт Жук-Грышкевіч, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.
1943 — Міхась Тычына, беларускі літаратуразнаўца.
У памяці
1837 — Аляксандар Пушкін, расейскі паэт і пісьменьнік.
1891 — Соф’я Кавалеўская — матэматык беларускага паходжаньня.