«Узрост падманваць ня трэба, бо ўсё роўна не атрымаецца». Доктар-герыятар пра цікавую старасьць

Ілюстрацыйнае фота

Калі ўжо можна набіраць вагу, саліць ежу, чаму добрыя акуляры лепшыя для мозгу, чым вывучэньне японскай мовы, і як пастарэць здаровым, расказвае доктар-герыятар.

Андрэй Ільніцкі

З кім гаворым: Андрэй Ільніцкі — герыятар, доктар мэдыцынскіх навук, прафэсар, старшыня Беларускага рэспубліканскага геранталягічнага грамадзкага аб’яднаньня, першы намесьнік дырэктара расейскага навукова-дасьледчага мэдыцынскага цэнтру «Геранталёгія», уключанага ў склад глябальнай сеткі вывучэньня старэньня Міжнароднай асацыяцыі геранталёгіі і герыятрыі.

Пазьбягаць адзіноты, падабраць акуляры, зьядаць паўкіляграма садавіны і гародніны штодня

— Калі надыходзіць старасьць?

— Старасьць надыходзіць у кожнага па-рознаму, але мне ня надта падабаецца слова «старасьць».

Мы праводзілі апытаньне студэнтаў розных ВНУ, каб даведацца, што студэнты малодшых курсаў думаюць пра старасьць. Выявілася, што 50% з апытаных яе баяцца, бо яна атаясамляецца зь нямогласьцю, хваробамі, зьніжэньнем памяці. На самай справе, калі старасьці баяцца, то яна наступіць у самым дрэнным выглядзе. Таму лепей казаць пра ўзрост, бо старасьць — гэта такі ж этап жыцьця, як і падлеткавы ўзрост ці сталасьць. І яе ня трэба баяцца, трэба проста ведаць, што з узростам важна ўхапіць самыя першыя прыкметы зьніжэньня функцыянальнасьці і пачаць зь імі працаваць — зьвярнуцца да лекара, напрыклад.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што можа зрабіць нас на 30 гадоў маладзейшымі

— І што гэта за прыкметы?

— Зьніжэньне зроку і слыху, у такім выпадку важна не саромецца і падабраць добрыя акуляры ці, калі патрэбна, слыхавы апарат. Дарэчы, гэта важна для захаваньня памяці, бо наш мозг — гэта як цягліцы: калі яны працуюць, то моцныя.

Чаму зьніжаецца памяць у сталым узросьце? Калі дрэнна падабраныя акуляры, то ў мозг трапляе менш інфармацыі ад таго, што чалавек, скажам, адмаўляецца нешта чытаць, і мозг не працуе так, як можа, памяць і ўвага не нагружаюцца. Так што самы рэальны спосаб захаваць памяць — гэта не вучыць мовы (бо без матывацыі ў выглядзе частых вандровак гэта цяжка), а менавіта падабраць акуляры.

Трэба таксама сачыць за памяцьцю. Скажам, калі дзед забыў павіншаваць унука з днём народзінаў, які ніколі не прапускаў, то гэта ня «старасьць», а, магчыма, першыя прыкметы дэмэнцыі, і трэба тэрмінова зьвяртацца да ўрача, калі яшчэ ня позна падабраць дзейснае лячэньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 6 нечаканых прыкметаў старэчай дэмэнцыі

— Дарэчы, мая бабуля любіла казаць: галоўнае — дажыць свой век на сваіх нагах і пры памяці. Чаму актуальнасьць гэтай фразы ніколі ня страчваецца, мэдыцына ж не стаіць на месцы? Як не дапусьціць старэчай слабасьці розуму, дэмэнцыі?

— Для прафіляктыкі дэмэнцыі трэба прытрымлівацца разумнага ладу жыцьця.

Вельмі важна рухацца, таму ня трэба саромецца карыстацца кійком.

Абавязкова трэба ўжываць у ежу ня менш за 500 грамаў сьвежых хрусткіх прадуктаў, гэта значыць садавіны і агародніны. Менавіта ў такой сьвежай ежы знаходзяцца патрэбныя мозгу рэчывы. Важна таксама не курыць, як мага меней спажываць алькаголю. Важна быць зь людзьмі, пазьбягаць адзіноты, бо падчас чалавечых кантактаў у нашым галаўным мозгу фармуюцца новыя міжклеткавыя і нэўронныя сувязі, якія дапамагаюць падтрымліваць памяць і ўвагу. Важна таксама высыпацца. І імкнуцца жыць з інтарэсам, бо ў такіх людзей заўсёды ёсьць прага да новых ведаў, якія трэнуюць памяць.

Але, вядома, трэба разумець, што можна ўсё жыцьцё так сябе паводзіць і ўсё роўна атрымаць дэмэнцыю. У гэтым вінаватая генэтыка. Як кажуць сучасныя герантолягі, ніхто не адмяняў так званую «генэтычную лятарэю»: пры пэўным супадзеньні генаў захварэем мы на нешта ці не. Але, на жаль, пакуль праводзіць генэтычную прафіляктыку дэмэнцыі мы ня ў стане, навука над гэтым толькі працуе.

— А што лепей есьці, калі табе 60+, колькі вады піць?

— У сэнсе прафіляктыкі і харчаваньня ў сталым узросьце, пасьля 70–75 гадоў усё ледзь не наадварот, чым у маладзейшых людзей. Хударлявасьць больш пасуе для здароўя да 70, а пасьля лепей мець трошачкі большую вагу, бо гэта прафіляктыка функцыянальнага зьніжэньня і ўзроставай слабасьці. Да 70 гадоў ежу лепей увогуле не саліць, бо гэта вядзе да сардэчна-сасудзістых захворваньняў і павышэньня артэрыяльнага ціску. А вось пасьля гэтыя рызыкі зьніжаюцца і можна дазволіць сабе больш солі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сакрэт добрага старэньня? Задаволенасьць

Мы раім пасьля 70 раз-пораз ласавацца цукеркай, бо галаўному мозгу для прафіляктыкі дэмэнцыі патрэбна глюкоза. Таму, калі хочацца салодкага, можна яго есьці, вядома, у разумных памерах.

Піць можна столькі, колькі хочацца, без абмежаваньняў, але ня болей, чым хочацца. Для вельмі старых людзей, якім больш за 85 гадоў, гэта асабліва важна. Бо пры дэфіцыце вадкасьці ў іх можа разьвіцца спэцыфічны герыятарычны сындром, які завецца дэлірый, гэта калі яны загаворваюцца, робяць незразумелыя рухі ці ўчынкі.

Хацеў бы адзначыць, што харчаваньне асабліва важнае для тых пажылых людзей, якія «рамантуюць» зубы. Часта здараецца, што чалавек ва ўзросьце ідзе да стаматоляга і высьвятляецца, што яму трэба цалкам мяняць зубы і ставіць штучныя сківіцы. Дык вось і тут трэба не здавацца, а ведаць, што садавіна і гародніна, прапушчаныя праз тарку, абавязковыя!

Важна ўжываць курыцу ці індычку замест чырвонага смажанага мяса, якое пры пастаянным ужываньні здольнае выклікаць рак ці сардэчна-сасудзістыя захворваньні. Таксама ў рацыёне мусіць быць бялок расьлін — арэхі, кашы, і не трэба забываць пра малако і асабліва сыр — важную крыніцу кальцыю, вельмі неабходнага для касьцей.

Памятаць, што «ўзрост — нагода для гонару і годнасьці»

— Ці можна падмануць узрост? Часам людзі пасьля 50 пачынаюць актыўна займацца спортам, нават экстрэмальным, весьці празьмерна актыўны лад жыцьця, надаваць здароваму харчаваньню зашмат увагі. Ці не атрымаецца, як у той прымаўцы: што задужа, тое ня здорава?

— Узрост падманваць ня трэба, бо ўсё роўна нічога не атрымаецца, ды і навошта? Узрост — гэта нагода для гонару і годнасьці. А вось што важна ў любым узросьце — рухацца! Мы кажам, што рухацца кожны дзень павінна быць такім жа правілам гігіены, як чысьціць зубы. Мая любімая прыказка: рухацца кожны дзень — гэта тое ж самае, што адкладваць грошы на «чорны дзень». Рухацца трэба ня менш за 150 хвілін на тыдзень. Маецца на ўвазе, што ў гэтую скарбонку ўлічваюцца тыя рухі, якія працягваюцца ня менш за 10 хвілін. Скажам, калі мы бяжым за аўтобусам 5 хвілін, то гэта не ўлічваецца, а калі — 11 хвілін, то гэта ідзе ў скарбонку.

Абавязкова патрэбны практыкаваньні на супраціўленьне, напрыклад, 10 хвілін і болей на дзень займацца з гантэлямі, што праз супраціўленьне напружвае цягліцы. Гэта добры сродак прафіляктыкі слабасьці цягліц, саркапэніі. У сталым узросьце мы актыўна раім кітайскую гімнастыку тай-шы, якая дазваляе пазьбягаць падзеньняў за кошт умацаваньня балянсу.

Усё гэта мы падрабязна апісваем з маім калегам і паплечнікам прафэсарам Кірылам Прашчаевым у папулярнай кнізе «Працяг будзе. Кніга пра ўзрост». У межах аднаго інтэрвію пра ўсё немагчыма расказаць, а ў кнізе можна пазнаёміцца з усімі падрабязнасьцямі і атрымаць практычныя парады на кожны дзень.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прафэсар-герыятар Андрэй Ільніцкі: «Са старымі трэба гаварыць па-беларуску»

— Ці праўда, што можна даведацца свой біялягічны ўзрост?

— Так, ёсьць спэцыяльныя мэтады, яны вельмі разнастайныя. Напрыклад, у нашай маскоўскай клініцы мы карыстаемся мэтадам малекулярнай дыягностыкі біялягічнага ўзросту шляхам аналізу на канфакальным мікраскопе стану клетак эпітэлію ўнутранай паверхні шчакі. Дарэчы, у сьвеце цяпер шмат зацікаўленасьці ў магчымасьці вызначаць біялягічны ўзрост і нават яго падаўжаць. Напрыклад, такі лекавы сродак, як мэтфармін, прызнаны прэпаратам першага пакаленьня для непасрэднага ўплыву на ўзрост пры цукровым дыябэце. Безумоўна, у будучыні такіх дадзеных будзе болей і болей.

— І што, навукоўцы знойдуць таблетку ад старасьці?

— Хутчэй знойдуць магчымасьці аддаліць час наступленьня хвароб, зьвязаных са старасьцю.

Думаць пра будучыню і ведаць, што мы «здольныя пабудаваць свой сучасны беларускі дом»

— Як спэцыяліст як вы ставіцеся да падвышэньня пэнсійнага ўзросту ў Беларусі?

— Пэнсійны ўзрост — гэта сацыяльная канструкцыя, якая можа мяняцца зь цягам часу ці па меры разьвіцьця грамадзтва. Я чытаў, напрыклад, у замежнай прэсе такія прапановы: зрабіць пэнсію ў сярэдзіне жыцьця, бо гэта найлепшы час, каб паглядзець сьвет, выгадаваць дзяцей, ну а потым амаль да скону працаваць. Ніхто ня ведае, як гэта будзе ў будучыні. Што тычыцца Беларусі, то ў нас звычайна і да рэформы працавалі на пэнсіі. Людзі не задаволеныя тым, што раней яны працавалі і атрымлівалі і заробак, і пэнсію, а цяпер так ня будзе. Але гэта сацыяльнае пытаньне. Як лекар магу сказаць, што для якаснага жыцьця ў любым узросьце трэба больш рухацца і пазьбягаць адзіноты, быць сярод людзей. А праца дазваляе гэта ўсё рабіць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кожны вырашае сам, наколькі ён стары

— І пытаньне не па тэме. Вы працуеце ў Маскве, а ў сацыяльных сетках карыстаецеся беларускай мовай. Для вас моўнае пытаньне — гэта прынцыпова?

— Для мяне моўнае пытаньне абсалютна прынцыповае. Я не бяруся працаваць з асьпірантамі ці дактарантамі, якія дасканала ня ведаюць англійскай мовы. Безь яе стаць сучасным спэцыялістам немагчыма. А наконт беларускай мовы — яна «перасьледуе» цябе ўсюды.

Нядаўна праводзіў онлайн-лекцыю ў «Інстаграме», размова ішла пра харчаваньне, у тым ліку пра непажаданасьць ужываньня жывёльных тлушчаў. Было каля 2000 слухачоў з розных краін, мы размаўлялі на расейскай і ангельскай мовах. І раптам прыйшоў камэнтарый: «Сала — каханьне ўсяго майго жыцьця». Па-беларуску. Аднекуль зь Меншчыны. Так што гэта дадатковае сьведчаньне таго, што надышоў час нам мяняцца. Я сам аматар сала як шчыры беларускі чалавек. І гэта ня тое каб дрэнна, калі ў меру. Але трэба глядзець у будучыню, у тым ліку праз прызму свайго здароўя, бо ў гэтым наша адказнасьць. Думаць пра будучыню, размаўляць на сучаснай сусьветнай мове. І ўсьведамляць тое, што мы павінны і здольныя пабудаваць свой сучасны беларускі дом.


Марыя Эйсмант