Дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Амэрыкі Майк Пампэо пасьля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнка наведаў Парк высокіх тэхналёгій, паведамляе БЕЛТА.
На сустрэчу ў ПВТ дзяржаўны сакратар прыехаў крыху пазьней, чым было заплянавана, бо перамовы зь беларускім лідэрам працягвалася даўжэй, чым чакалася. Госьця сустракалі кіраўнікі ПВТ і найбольш буйных кампаній-рэзыдэнтаў, якія працуюць у Беларусі і выконваюць замовы для ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пампэо: ЗША «хочуць дапамагчы Беларусі пабудаваць сувэрэнную краіну», але санкцыі пакуль не скасоўваюцьУ Парку высокіх тэхналёгіяў 62 кампаніі (з 751 зарэгістраванай у ПВТ) працуюць з амэрыканскімі інвэстыцыямі. Экспарт іх паслуг у ЗША у 2019 годзе дасягнуў $ 900 млн. Больш за 280 рэзыдэнтаў ПВТ выконваюць тыя або іншыя віды работ, паслуг для ЗША.
Наведаньне дзяржаўным сакратаром ЗША Майклам Пампэо Парку высокіх тэхналёгіяў у Мінску — добры знак для далейшага разьвіцьця бізнэсу і супрацоўніцтва з ЗША. Такое меркаваньне выказаў журналістам дырэктар Адміністрацыі ПВТ Усевалад Янчэўскі.
«Нам вельмі прыемна, што дзяржаўны сакратар ЗША падчас наведаньня ПВТ па-добраму зьдзівіўся нашым беларускім распрацоўкам, — сказаў ён. — Гэта такі добры, добры знак для разьвіцьця бізнэсу».
Дырэктар Адміністрацыі ПВТ падкрэсьліў, што ў IT-сфэры супрацоўніцтва з ЗША мае вялікае значэньне. «Бяз гэтага немагчыма, бяз гэтага не абыходзіцца ніводная краіна сьвету, — адзначыў ён. — У сьвеце IT і высокіх тэхналёгіяў ЗША — гэта краіна нумар адзін, бясспрэчны лідэр, таму што і Google, і Apple, і Amazon, і Facebook, і ўсе іншыя нарадзіліся там. І, вядома, для Парку высокіх тэхналёгіяў ЗША — гэта найважнейшы рынак ».