Фэстываль Berlinale адмяніў прэмію свайго першага дырэктара. Штотыднёвік «Die Zeit» апублікаваў інфармацыю, што Альфрэд Баўэр належаў да многіх нацысцкіх арганізацый.
Гэта была адна з самых прэстыжных узнагарод фэстывалю. Яе атрымлівалі творцы за «інавацыі і арыгінальнасьць».
Пра гісторыю Баўэра распавёў аматар кіно і дасьледчык Ульрых Ханэль. Падчас прагляду архіваў ён выявіў ліст за травень 1942 года, у якім адзін зь дзяржаўных чыноўнікаў рэкамэндаваў Альфрэда Баўэра на пасаду працаўніка Нямецкай кінапалаты, напісаўшы: «Баўэр заўзяты чалавек SA. Ён заўсёды ўдзельнічае ў сустрэчах. Яго палітычная пазыцыя бездакорная».
Нямецкая кінапалата знаходзілася ў падпарадкаваньні Міністэрства прапаганды. Баўэр кіраваў арганізацыяй вытворчасьці, выбіраў супрацоўнікаў, актораў і рэжысёраў. Калі Гебельс у лютым 1943 года абвясьціў «татальную вайну», Баўэр вырашыў, якія рэжысёры будуць вызваленыя ад вайны і хто пойдзе на фронт.
Ханэль вызначыў, што Баўэр належаў да многіх нацысцкіх арганізацый, у тым ліку NSDAP, SA, Нацыянал-сацыялістычны саюз студэнтаў, Нацыянальная сацыялістычная асацыяцыя юрыстаў, Нацыянал-сацыялістычная дапамога людзям у патрэбе.
Пасьля вайны за супрацу зь Нямецкай кінапалатай яму забаранілі мастацкую дзейнасьць на два гады. Нягледзячы на гэта, у 1951 годзе Баўэр быў прызначаны дырэктарам новага фэстывалю — Berlinale. Ён займаў гэтую функцыю да 1976 г. Памёр Баўэр у 1986 годзе, праз год быў створаны прыз яго імя.