Brexit і яго наступствы. Усё, што трэба ведаць пра выхад Вялікай Брытаніі з Эўразьвязу

Сёньня ўначы Вялікая Брытанія афіцыйна пакіне Эўрапейскі зьвяз. Адбудзецца так званы Brexit, за які грамадзяне прагаласавалі на рэфэрэндуме ў 2016 годзе. 1 лютага ЭЗ будзе налічваць 27 чальцоў.

Свабода тлумачыць асноўныя дэталі Brexit, наступствы гэтага кроку, а таксама складанасьці, якія ўзьніклі да фармальнага выхаду.

Што яно азначае слова Brexit?

Гэта абрэвіятура, якая абазначае выхад Вялікай Брытаніі з Эўразьвязу: «British exit» — брытанскі выхад.

Упершыню гэты выраз выкарысталі падчас выбараў у 2011 годзе. Яго аўтарам лічыцца Пітэр Уілдынг. Іронія лёсу ў тым, што ён кіраваў камандай экспэртаў Influence, якая праводзіла кампанію на карысьць далейшай прысутнасьці Брытаніі ў Эўразьвязе.

Каму прыйшла ў галаву ідэя правесьці рэфэрэндум аб выхадзе з ЭЗ?

Рэфэрэндум ініцыяваў былы прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі і былы лідэр Кансэрватыўнай партыі Дэйвід Кэмэран. Упершыню ён анансаваў рэфэрэндум у 2013 годзе. Нюанс у тым, што сам ён не жадаў, каб краіна пакідала Эўразьвяз. Гэтай заявай палітык хацеў прымусіць Брусэль пайсьці на пэўныя саступкі Лёндану. І ён іх дамогся. Але кампраміс, якога дасягнуў Кэмэран, не задаволіў нават чальцоў ягонай партыі.

У 2015 годзе Кэмэрана зноў абралі прэм’ерам, і пачалася падрыхтоўка да рэфэрэндуму, але адначасова ён агітаваў за тое, каб застацца ў ЭЗ. Брытанскі прэм’ер спадзяваўся, што большасьць брытанцаў прагаласуе супраць Brexit.

Стоп. А навошта Кэмэран увогуле абяцаў рэфэрэндум, калі сам быў супраць?

Дэйвід Кэмэран пакідае сядзібу ўраду. У будынак заходзіць новая прэм'ер-міністарка Тэрэза Мэй. Яна падала ў адстаўку ўлетку

Таму што ў Вялікай Брытаніі заўсёды былі моцныя эўраскептычныя настроі, і іх вельмі часта выкарыстоўвалі ў палітыцы, асабліва падчас выбараў. Нават у Кансэрватыўнай партыі, якую ўзначальваў Кэмэран, было два крылы — за і супраць ЭЗ.

Вялікая Брытанія заўсёды адчувала сваю асобнасьць ад кантынэнту.

Да Эўразьвязу яны далучыліся ў 1973 годзе — найперш з эканамічных прычын. Адносіны Лёндану і Брусэлю ніколі не былі ідэальныя. Ужо праз 2,5 года пасьля далучэньня там адбыўся першы рэфэрэндум, які мог прывесьці да Brexit. Але тады за тое, каб застацца, прагаласавала амаль удвая больш, чым за выхад.

Штопраўда, ЭЗ у той час быў інакшым, больш эканамічным утварэньнем.

А што канкрэтна не падабалася брытанцам у арганізацыі, куды стаіць чарга краін?

Прыхільнікі выхаду сьцьвярджалі, што брытанцы атрымліваюць ад ЭЗ менш, чым у яго ўкладаюць. Называлася сума ў 350 мільёнаў фунтаў, якія краіна нібыта штотыдзень аддае Эўразьвязу. Іншым аргумэнтам на карысьць выхаду было жаданьне зьменшыць міграцыю. Апрача таго, пакінуўшы Эўразьвяз, Брытанія адмовілася б ад лімітаў гадзін працы цягам тыдня і пазьбягала б выдаткаў, зьвязаных з выкідамі вуглякіслага газу брытанскімі кампаніямі.

Вельмі важным аргумэнтам прыхільнікаў Brexit было тое, што, пакінуўшы Эўразьвяз, краіна ня будзе больш вымушаная падпарадкоўвацца рашэньням з Брусэлю, зь якімі Лёндан часта не хацеў пагаджацца.

Дык а што ня так з аргумэнтамі прыхільнікаў Brexit?

Найджэл Фараж, галоўны твар кампаніі за выхад з ЭЗ. Лідэр партыі Brexit

Возьмем, напрыклад, згаданыя 350 мільёнаў фунтаў. Адэпты Brexit сьцьвярджалі, што пасьля выхаду гэтую суму можна будзе прызначыць на службу аховы здароўя. Па-першае, экспэрты крытыкавалі само існаваньне такой сумы, якая невядома як была падлічаная.

Па-другое, брытанскае Міністэрства фінансаў тлумачыла, што выхад з ЭЗ ня будзе азначаць пераносу нейкіх сродкаў на службу аховы здароўя і што наступствы выхаду краіны з ЭЗ для фінансавай сытуацыі будуць цяжкія.

А што казалі пра наступствы выхаду эканамісты?

Экспэрты Міжнароднага валютнага фонду, Канфэдэрацыі брытанскай індустрыі, Арганізацыі эканамічнай супрацы і разьвіцьця ў адзін голас падкрэсьлівалі, што Brexit прывядзе да запаволеньня эканомікі, росту беспрацоўя, што фунт патаньнее, а брытанскія кампаніі страцяць падтрымку з-за мяжы.

Урад анансаваў рост падаткаў, скарачэньні ў сыстэмах адукацыі, здароўя і абароны. Цэнтральны банк Англіі пагражаў рэцэсіяй.

Якую пазыцыю заняла апазыцыя?

Дэманстрацыя супраць Brexit у Лёндане. Кастрычнік, 2019

У Брытаніі апошнія гады кіруюць кансэрватары. А галоўная апазыцыйная сіла — Партыя працы. Яе чальцоў называюць лейбарыстамі. Сярод іх таксама хапае прыхільнікаў Brexit, але агулам лінія партыі — праэўрапейская. Аднак у кампаніі іхні голас быў слабы і вельмі часта супярэчлівы. Экспэрты назвалі іхнюю кампанію неэфэктыўнай.

Супраць Brexit таксама выступаюць лібэральныя дэмакраты.

Як прагаласавалі брытанцы?

Сацыялягічныя дасьледаваньні напярэдадні галасаваньня давалі сьціплую перавагу праціўнікам Brexit.

Рэфэрэндум адбыўся 23 чэрвеня 2016 году. У ім узялі ўдзел 72,2% брытанцаў, якія мелі права голасу. За выхад з Эўразьвязу прагаласавалі 51,89%.

Улады маглі праігнараваць рэфэрэндум, не парушыўшы ніякага закону. Але было прынята рашэньне — паважаць рашэньне большасьці і пакінуць ЭЗ.

Кампанія прыхільнікаў Brexit

А ці праўда, што праз 3 гады пасьля рэфэрэндуму большасьць брытанцаў супраць Brexit?

На пачатку кастрычніка мінулага году газэта The Independent апублікавала дасьледаваньне аналітыкаў Focaldаtа, якое было заснаванае на апытаньнях грамадзкай думкі, праведзеных YouGov, у якіх узялі ўдзел 15 тысяч чалавек. Аналітыкі прыйшлі да высновы, што сваю думку наконт ЭЗ зьмянілі амаль 15% брытанцаў, якія ў 2016 годзе галасавалі за выхад (2,6 млн з 17,4 млн). Зьмена сярод прыхільнікаў ЭЗ на карысьць Brexit — каля мільёна.

Выснова ўсяго дасьледаваньня наступная. Калі б рэфэрэндум прайшоў сёньня, то за тое, каб застацца ў ЭЗ, прагаласавалі б 55%, а за Brexit — 45%.

Як адбілася мітусьня вакол Brexit на эканоміцы Вялікай Брытаніі?

Паводле справаздачы Цэнтру эўрапейскіх рэформаў, Brexit ужо каштаваў эканоміцы вострава 70 мільярдаў фунтаў. У сярэднім кожны брытанец ужо заплаціў за выхад краіны з ЭЗ (якога яшчэ фармальна не адбылося) па 840 фунтаў у год. Брытанскі фунт ніколі ня быў такі танны за апошнія 30 гадоў.

Згаданы дасьледчы цэнтар падлічыў, што калі нават брытанскаму боку ўдасца неўзабаве падпісаць дамову з ЭЗ, жыхары вострава яшчэ доўга будуць вымушаныя плаціць за выхад з Эўразьвязу няўпэўненасьцю і хаосам. За тры гады ад рэфэрэндуму брытанская эканоміка аслабла на 2,9%. Экспэрты перакананыя, што нават калі краіне ўдасца за некалькі гадоў выйсьці з Эўразьвязу, то тэма Brexit яшчэ дзесяцігодзьдзямі будзе дамінаваць у палітыцы краіны.

Што зьменіцца для брытанцаў з 1 лютага

Падарожжы

Для грамадзян Эўразьвязу для ўезду ў Вялікую Брытанію не спатрэбяцца візы — ні брытанцам у Эўразьвяз, ні грамадзянам гэтых краінаў. Да канца 2020 году ў аэрапортах і на наземных пунктах пропуску будзе дзейнічаць «пераходны пэрыяд».

Пры гэтым ад 31 студзеня пачынае дзейнічаць пашпартны кантроль. Грамадзяне Вялікай Брытаніі павінны мець пашпарт, які дзейнічае мінімум 6 месяцаў з моманту заканчэньня паездкі. Такія ж правілы будуць дзейнічаць і для грамадзянаў ЭЗ.

Правілы ўезду адносна пашпарта і пашпартнага кантролю ад лютага пачнуць дзейнічаць ня толькі ў аэрапортах, але і пры паездках на цягніках «Эўрастар», паромах або аўтобусах.

Для беларусаў па-ранейшаму патрэбны брытанскія візы.

Пастаяннае пражываньне

З правам пастаяннага пражываньня грамадзянаў ЭЗ у Вялікай Брытаніі і наадварот пытаньне ня вырашанае. Пазыцыя бакоў такая, што пасьля заканчэньня пераходнага пэрыяду брытанцы павінны будуць рэгістравацца па месцы жыхарства, і такое ж правіла будзе дзейнічаць у адносінах да жыхароў ЭЗ у Вялікай Брытаніі. Цяпер такая рэгістрацыя не патрабуецца.

Больш за тое, па заканчэньні вызначанага часу (трох ці шасьці месяцаў) яны, як замежнікі, павінны будуць падаваць заяву ў міграцыйную паліцыю на прадастаўленьне ім віду на жыхарства — гэтак жа, як робяць грамадзяне ўсіх астатніх краін.

Выключэньні, хутчэй за ўсё, застануцца для студэнтаў, якім захаваюць свабоду навучаньня ў ВНУ, а таксама сужонцаў і іншых сямейнікаў: яны не павінны будуць рэгістравацца ці атрымліваць від на жыхарства.

Праца

Паводле дзейных нормаў, грамадзяне краін ЭЗ маюць права на працу ў Вялікай Брытаніі. Пасьля пашырэньня Эўразьвязу гэта прывяло да масавага прытоку ў краіну таннай працоўнай сілы з Польшчы, Літвы, Румыніі ды іншых краін усходу Эўропы. Такое правіла працягне дзейнічаць на пераходны пэрыяд. Але што будзе далей — невядома, асобнае пагадненьне пакуль не падпісанае.

Лёндан замест прыцягненьня работнікаў з усходу абяцае ўкараніць сыстэму паскоранага атрымання рабочых візаў паводле «бальнага прынцыпу» для жыхароў усіх краін без перавагаў для жыхароў эўрапейскіх краін. Гэта азначае, што прыярытэтнае права на працу будзе мець не ўладальнік пашпарта ЭЗ, а значнай для Вялікай Брытаніі спэцыяльнасьці.

Хутчэй за ўсё, пасьля заканчэньня пераходнага пэрыяду грамадзяне ЭЗ працягнуць працаваць на сваіх пазыцыях — гэтак жа, як грамадзяне Вялікай Брытаніі ў краінах ЭЗ. Але брытанскія ўлады прагназуюць, што прыток новых работнікаў з ЭЗ пасьля Брэксыту зьнізіцца на парадак: зь цяперашніх 200 тысяч штогод да 20 тысяч.

Лёндан

Мэдычныя страхоўкі

У гэтай галіне да канца 2020 году таксама будзе дзейнічаць пераходны пэрыяд. Усе мэдычныя страхоўкі, аформленыя ў Эўразьвязе, будуць дзейнічаць у Вялікай Брытаніі (і наадварот). Калі зь іх уладальнікамі нешта здарыцца на тэрыторыі чужой краіны, ім бясплатна акажуць мэдычную дапамогу.

Што будзе пасьля, асабліва ў выпадку хранічных захворваньняў, мусіць адрэгуляваць адмысловае пагадненьне, перамовы па якім пачнуцца ў лютым. Для Вялікай Брытаніі гэтае пытаньне зьяўляецца прынцыповым, бо брытанская сыстэма мэдабслугоўваньня на сёньня бясплатная для пацыентаў, у тым ліку для грамадзянаў Эўразьвязу.

Брытанскія эўрадэпутаты

31 студзеня ўсе 73 эўрадэпутаты ад Вялікай Брытаніі будуць адпраўленыя з Брусэлю на радзіму. Напярэдадні быў апошні дзень іх працы, некаторыя брытанскія абраньнікі плакалі, пакідаючы Эўрапарлямэнт.

Пры гэтым на пераходны пэрыяд, да канца 2020 году, Вялікая Брытанія ўсё роўна будзе жыць па законах Эўразьвязу. Але пісаць іх будуць толькі тыя, хто мае права голасу ў ЭЗ.

Гандлёвыя пытаньні

Акрамя ўжо згаданых пагадненьняў, Лёндан і Брусэль цягам гэтага году мусяць паразумецца па шэрагу важных гандлёвых пытаньняў.

Рыбалоўства. Рыбакі з ЭЗ патрабуюць права лавіць рыбу і малюскаў у брытанскіх тэрытарыяльных водах, як і раней. Брытанцы лічаць, што гэта права варта абмежаваць.

Роўмінг. Невядома, ці будзе захаванае пагадненьне аб адзіных тарыфах на сувязь пры паездках эўрапейцаў у Вялікую Брытанію і наадварот.

Паліцыя. Праца паліцыі на тэрыторыі суседняй дзяржавы і сумесныя расьсьледаваньні могуць быць спыненыя.