Бацьку з Зэльвеншчыны, які да сьмерці зьбіў 4-гадовую дачку, пагражае сьмяротнае пакараньне

Фота Сьледчага камітэту

Сьледчы камітэт завяршыў расьсьледаваньне крымінальнай справы па факце забойства 4-гадовай дзяўчынкі ў Зэльвенскім раёне.

Дзяўчынку даставілі ў лякарню непрытомнай 18 кастрычніка, яна памерла праз два дні, так і не ачуўшыся.

Мужчыну прад’явілі абвінавачваньне паводле ч. 2 арт. 154 (катаваньне) і пп. 2, 6 ч. 2 арт. 139 (забойства заведама малалетняга, які знаходзіцца ў бездапаможным стане, учыненае з асаблівай жорсткасьцю) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Максымальнае пакараньне паводле апошняга артыкулу — сьмяротнае пакараньне. Крымінальная справа перададзена пракурору для накіраваньня ў суд.

Як высьветліла сьледзтва, з 12 па 18 кастрычніка 2019 году 25-гадовы бацька сыстэматычна біў сваіх малалетніх дачок рукамі і нагамі, а таксама прадметамі, якія пападаліся пад рукі (венікам, мухабойкай, папругай, тапкам).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наносіў удары рукамі і нагамі, пасьля кінуў у сьцяну». У Зэльвенскім раёне 25-гадовы мужчына ледзь не забіў дачку

Увечары 18 кастрычніка ён за непаслушэнства шмат разоў ударыў старэйшую дачку рукамі, нагамі, а таксама венікам у «жыцьцёва важныя органы», паведамляе СК, двойчы кінуў аб тахту. У гэты момант мужчына быў у стане алькагольнага апʼяненьня.

Згодна з высновамі экспэртаў, мужчына на момант злачынства не цярпеў ад нейкіх псыхічных разладаў і ўсьведамляў, што робіць.

Мужчына сваёй віны ва ўчыненым не прызнаў.