Грэта Тунбэрг зарэгіструе сваё імя як таварны знак

Грэта Тунбэрг, Стакгольм, сакавік 2019

Сямнаццацігадовая швэдзкая школьніца Грэта Тунбэрг зарэгіструе сваё імя ў якасьці таварнага знаку.

«На жаль, усё яшчэ ёсьць людзі, якія спрабуюць выдаць сябе за мяне ці ілжыва заяўляюць, што яны „прадстаўляюць“ мяне, каб кантактаваць зь вядомымі людзьмі, палітыкамі, СМІ, дзеячамі мастацтва і гэтак далей», — напісала Тунбэрг ў сваім Інстаграме.

Таксама Тунбэрг зарэгіструе ў якасьці таварных знакаў рух Fridays For Future і яго швэдзкую назву Skolstrejk for klimatet.

У сьнежні летась часопіс Time назваў экаактывістку Грэту Тунбэрг «асобай году».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асоба году часопісу Time — Грэта Тунбэрг

Свае акцыі пратэсту Тунбэрг, якой тады было 15 гадоў, пачала летам 2018 году. Кожную пятніцу яна замест урокаў прыходзіла да будынка швэдзкага парлямэнту з плякатам з надпісам «Школьная забастоўка за клімат» і патрабавала ад палітыкаў задумацца аб кліматычным «апакаліпсісе» і глябальным пацяпленьні. Неўзабаве за яе прыкладам пайшлі школьнікі ў многіх краінах сьвету.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Давосе Грэта Тунбэрг паспрачалася з Дональдам Трампам. Завочна

Праз год, 23 верасьня, Грэта Тунбэрг выступіла ў Генэральнай асамблеі ААН з эмацыйнай прамовай, якая пачыналася словамі: «Вы скралі маё дзяцінства» і «Як вы сьмееце?!" Яна сказала, што сьвету пагражае экалягічная катастрофа, заявіўшы, што «людзі пакутуюць, паміраюць, гінуць экасыстэмы, а мы знаходзімся на грані масавага зьнішчэньня». І абвінаваціла палітыкаў у бязьдзейнасьці.