Бабка 19-гадовага Руслана Зайцава, які загінуў у памежных войсках, атрымала адказ на свой зварот у Адміністрацыю прэзыдэнта. «Ваш зварот быў даведзены да кіраўніцтва Адміністрацыі прэзыдэнта і накіраваны ў Сьледчы камітэт».
«Прыносім свае спачуваньні з нагоды страты блізкага Вам чалавека», — адзначыў у лісьце Зінаідзе Зайцавай начальнік галоўнага ўпраўленьня па рабоце за зваротамі грамадзян Адміністрацыі прэзыдэнта Рыгор Шлык.
Руслан Зайцаў загінуў падчас тэрміновай службы ў Мазырскім памежным атрадзе. Яго цела знайшлі 20 лістапада 2019 году. У першыя дні пасьля сьмерці Памежны камітэт агучыў вэрсію самагубства. Родныя ня вераць у гэта і кажуць, што ня могуць дабіцца праўды пра абставіны сьмерці хлопца. Родныя Руслана больш за два месяцы чакаюць зьвестак ад сьледзтва. Гэта прымусіла бабку хлопца зьвярнуцца да прэзыдэнта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы ня верым у суіцыд». Родныя салдата з Мазыра, які загінуў у войску, зьвярнуліся да Лукашэнкі«Мы ня верым у суіцыд з прычыны „складаных стасункаў у сям’і“, „непадзеленага каханьня“, „даўгоў у ігральных клюбах“. Гэта было ці забойства, ці давядзеньне да самагубства. Пры самагубстве з аўтамата былі б апёкі на твары. Яго маглі застрэліць. Руслан ня быў схільны да самагубства. Ён ня меў дзяўчыны, ня меў даўгоў, ня быў заўважаны ў ігральных клюбах», — напісала Зінаіда Сьцяпанаўна ў звароце.
Паводле афіцыйнага паведамленьня Дзяржаўнага памежнага камітэту, 19-гадовы яфрэйтар застрэліўся. Памежны камітэт раніцай пасьля гібелі Руслана паведаміў: жыхар Мазыра трапіў на тэрміновую службу ў леташні прызыў, у лістападзе 2018 году. На службе характарызаваўся станоўча.
У лістападзе Руслан быў у адпачынку, праводзіў яго дома, у Мазыры. Сьцьвярджаецца, што пасьля тэрміновай службы ён зьбіраўся заставацца служыць па кантракце.