Лукашэнка прызначыў эканаміста намесьнікам кіраўніка сваёй адміністрацыі. Што пра яго вядома

Валеры Бельскі

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 30 студзеня прызначыў дырэктара Інстытуту эканомікі НАН​ Валерыя Бельскага намесьнікам кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта, паведамляе БелТА.

51-гадовы Валеры Бельскі нарадзіўся ў 1968 годзе ў вёсцы Дзявошычы (Бялыніцкі раён).

Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спэцыяльнасьці «Эканоміка і кіраваньне ў галінах аграпрамысловага комплексу (АПК)». Спачатку працаваў галоўным эканамістам саўгаса «Каліноўскі» Бялыніцкага раёну.

У 1995 годзе прыйшоў асьпірантам у Беларускі навукова-дасьледчы інстытут эканомікі і інфармацыі АПК, потым стаў навуковым супрацоўнікам, з 1998-га — загадчыкам сэктару цэнаўтварэньня.

У 2001–2005 гадах працаваў у «БелНДІ аграрнай эканомікі» (у 2003 перайменавана ў «Інстытут аграрнай эканомікі НАН Беларусі») — дырэктарам па навуковай рабоце, першым намесьнікам дырэктара. Пасьля рэарганізацыі ўстановы займаў пасаду першага намесьніка дырэктара Інстытуту эканомікі НАН Беларусі – дырэктара Цэнтру аграрнай эканомікі.

У чэрвені 2008 году стаў выконваць абавязкі дырэктара Інстытута сыстэмных дасьледаваньняў у АПК Нацыянальнай акадэміі навук, у жніўні стаў дырэктарам (быў ім да 2012 году).

У 2012–2015 гады быў памочнікам чальца (міністра) Калегіі прамысловасьці і аграрнага комплексу Эўразійскай эканамічнай камісіі.

У 2015–2016 гг. — рэктар Інстытуту падрыхтоўкі навуковых кадраў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, з 2016 году — дырэктар Інстытуту эканомікі НАН.

Каго яшчэ прызначыў Лукашэнка

Таксама 30 студзеня Лукашэнка прызначыў:

  • Генадзя Богдана — намесьнікам кіраўніка справамі прэзыдэнта (былы дырэктар прадпрыемства «Беларусьгандаль»),
  • Дзьмітрыя Харытончыка і Андрэя Буйневіча — намесьнікамі міністра прамысловасьці (Харытончык да гэтага ўзначальваў Магілёўскі абласны Савет дэпутатаў, Буйневіч быў дырэктарам «Лідзкага заводу электравырабаў»),
  • Ігара Кудрэвіча — дырэктара Дэпартамэнту па гуманітарнай дзейнасьці Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта (экс-кіраўнік адміністрацыі Першамайскага раёну Менску),
  • Ірыну Варановіч — дырэктарам Дэпартамэнту па турызьме Міністэрства спорту і турызму (экс-дэкан факультэту культуралёгіі і сацыякультурнай дзейнасьці Белдзяржунівэрсытэта культуры).