Дакумэнт аб прыярытэтах партнэрства гатовы на 95 %, — амбасадар Эўразьвязу ў Беларусі

Амбасадар прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Дырк Шубэль

Дакумэнт аб прыярытэтах партнэрства Беларусі і Эўразьвяза гатовы на 95 адсоткаў, паведаміў 29 студзеня ў Магілёве амбасадар Эўразьвязу ў Беларусі Дырк Шубэль.

Дыплямат удзельнічае ў інфармацыйнай сустрэчы «Супрацоўніцтва ЭЗ —Беларусь: Магілёўская вобласьць». У рэалізацыю праектаў у рэгіёне Эўразьвяз уклаў больш за 2 мільёны эўра.

У гутарцы з журналістамі Дырк Шубэль нагадаў, што Беларусь — адзіная краіна на постсавецкай прасторы, зь якой у Эўразьвязу няма пагадненьня аб партнэрстве і супрацоўніцтве. «Нават з Таджыкістанам і Туркмэністанам яно ёсьць», — адзначыў ён і выказаў спадзеў, што такое пагадненьне неўзабаве можа быць прынятае.

«У нас былі перамовы аб прыярытэтах партнэрства. Яны гатовы на 95 адсоткаў. Мы спадзяёмся, што гэты дакумэнт будзе першым у пляне супольных нашых дзеяньняў. Ён можа быць базай для перамоваў пра Пагадненьне аб партнэрстве і супрацоўніцтве», — кажа дыплямат.

Дырк Шубэль (справа) і старшыня Магілёўскага аблсавету Дзьмітры Харытончык падчас інфармацыйнай сустрэчы «Супрацоўніцтва ЭЗ —Беларусь: Магілёўская вобласьць»

Польшча выдзяляе 2 мільёны эўра на рэалізацыю праектаў у Беларусі

Чакае шчыльнага супрацоўніцтва зь Беларусьсю і Польшча. Пра гэта гаворыць амбасадар гэтай краіны Артур Міхальскі. Паводле яго, цяпер адчуваецца атмасфэра пошуку «рознага роду плятформаў для дыялёгу». Дыплямат адзначае, што Польшча выдзяляе ў межах праграмы «Польская дапамога» 2 мільёны эўра на рэалізацыю праектаў у Беларусі ў сацыяльнай галіне і разьвіцьці турызму.

«З гледзішча Эўрапейскага зьвязу мы па-іншаму разумеем некаторыя рэчы, зьвязаныя з правамі чалавека, — кажа ён, — але гаворым на гэтую тэму і спадзяёмся знайсьці агульную мову».

Праграма «Польская дапамога» — гэта сукупнасьць дзеяньняў, каардынаваных Міністэрствам замежных спраў, адрасаваных краінам, якія разьвіваюцца, дзеля стварэньня ўмоваў для ўстойлівага разьвіцьця.

Публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.