Падчас нарады, прысьвечанай аграпрамысловаму комплексу Віцебскай вобласьці, Аляксандар Лукашэнка прыгразіў падначаленым «жэстачайшай тэхналягічнай дыктатурай і дысцыплінай», паведамляе набліжаны да яго тэлеграм-канал «Пул первого».
Па словах Лукашэнкі, цяпер Беларусь страчвае вялізныя грошы на фоне падатковага манэўру ў Расеі, таму важна шукаць рэзэрвы па ўсіх кірунках дзейнасьці:
«Пытаньне ў выратаваньні вобласьці і сялян. І дзеля гэтага ўратаваньня трэба іх аб’яднаць, прымусіць працаваць і заплаціць грошы. Сказаць, што малако і мяса сёлета кроў з носу павінны паставіць на галаўное прадпрыемства. Вайна ідзе, а вы балбатнёй займаецеся. Мужыкі, сытуацыя ўжо ня тая», — падсумаваў нараду Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка папярэдзіў аграрыяў, каб не разьлічвалі на сьпісаньне даўгоўБудзе кожны на сваім месцы адказна працаваць — будзе вынік для ўсёй краіны, патлумачыў Лукашэнка. Пакуль жа Віцебскі рэгіён сярод аўтсайдэраў: даўгоў перад бюджэтам назапасілася на 3 мільярды рублёў. Усё давядзецца вярнуць да апошняй капейкі, папярэдзіў Лукашэнка.
«Дваццаць гадоў таму жэрці не было чаго, літар малака быў шчасьцем. Зараз мяса і малака лішак. А шалёных грошай на падтрымку ня будзе. Таму варушыцца трэба самім», — заявіў Лукашэнка і дадаў, што хутка зьявіцца ўказ, які дапаможа аграрыям зарыентавацца ў новых умовах.