Улады Грузіі і Казахстану прынялі рашэньне эвакуаваць сваіх грамадзян з кітайскага горада Уханя ў сувязі з эпідэміяй каранавіруса 2019-nCOV, а таксама прыпыніць авіязносіны з Кітаем.
«Палёты будуць спыненыя, плянуецца эвакуацыя нашых грамадзян. Сёньня ў другой палове дня ў нас будзе сустрэча, дзе мы прымем рашэньне, якімі шляхамі эвакуюем іх», — заявіла 28 студзеня журналістам міністарка аховы здароўя Грузіі Кацярына Тыкарадзэ.
Паводле дадзеных амбасады Грузіі ў Кітаі, ва Ухані, які ёсьць эпіцэнтрам захворваньня, знаходзяцца пяць грамадзян Грузіі. Рэйсы Экін — Урумчы — Тбілісі, заплянаваныя на 25 і 27 студзеня, ужо не былі выкананыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кітай: ад новага каранавірусу памерлі 106 чалавек. Як засьцерагчыся ад хваробыУлады Казахстану 28 студзеня таксама заявілі, што рыхтуюцца накіраваць спэцборт у Кітай для вывазу 98 казахстанскіх студэнтаў, «атрыманьне дыпляматычнага дазволу знаходзіцца на стадыі ўзгадненьня з Кітаем», — заявіў намесьнік міністра замежных спраў Казахстану Шахрат Нурышаў. Раней улады Казахстану заяўлялі, што ўлады Кітая з прычыны карантыну не дазваляюць вывезьці з гораду каля ста казахстанскіх студэнтаў.
Беларусам прапануюць зьвяртацца ў амбасаду
У Беларусі не прынялі рашэньне эвакуаваць грамадзян. Амбасада Беларусі ў Кітаі, аднак, гатовая судзейнічаць беларусам, якія знаходзяцца ў правінцыі Хубэй і хочуць выехаць з тэрыторыі правінцыі, і прапануе зьвяртацца ў амбасаду па тэлефоне +86 155-1061-8510.
Паводле амбасады Беларусі ў Кітаі, цяпер у закрытых гарадах кітайскай правінцыі Хубэй знаходзяцца як мінімум 12 беларусаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Супакойвае, што хварэюць старыя людзі і толькі кітайцы». Апошнія навіны аб эпідэміі ад беларускі з КітаюЯк паведаміла Міністэрства замежных спраў КНР, замежныя грамадзяне могуць пакінуць рэгіёны правінцыі Хубэй на падставе афіцыйнага запыту амбасады. Пасьля выезду замежнікаў зьмесьцяць на карантын па месцы далейшага знаходжаньня ў Кітаі тэрмінам на 14 дзён.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ