Вярхоўны суд ЗША 27 студзеня ўхваліў узмацненьне міграцыйных правілаў, падрыхтаванае адміністрацыяй прэзыдэнта Дональда Трампа, піша Deutsche Welle.
У далейшым легальным мігрантам, якія атрымліваюць у ЗША сацыяльную дапамогу, будзе складаней атрымаць дазвол на пастаяннае знаходжаньне ў краіне (так званую грын-карту).
Як пішуць СМІ, працэдура атрыманьня віду на жыхарства ў ЗША будзе больш складанай для тых, хто:
- мае нізкі ўзровень даходу,
- разьлічвае на атрыманьне сацыяльнай дапамогі: ільготнага жыльля, мэдыцынскай страхоўкі, талёнаў на харчаваньне і інш.,
- пакутуе ад захворваньняў, якія могуць запатрабаваць сур’ёзнага лекаваньня, а таксама перашкодзіць чалавеку працаваць і забясьпечваць сябе,
- недастаткова валодае ангельскай мовай, бо, на думку заканадаўцаў, гэты фактар не дазволіць людзям знайсьці працу.
Закон будзе мець і зваротную сілу: мігрантам, якія знаходзяцца ў ЗША на легальных умовах і атрымліваюць сацыяльную дапамогу, стане складаней падоўжыць сваю грын-карту.
Новаўвядзеньні могуць закрануць каля 22 мільёнаў чалавек без амэрыканскага грамадзянства, якія законна знаходзяцца ў Злучаных Штатах.
Раней улады ЗША зрабілі больш жорсткімі ўезд у краіну цяжарным турысткам.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп зрабіў барацьбу зь нелегальнай іміграцыяй адной з галоўных тэмаў сваёй перадвыбарнай кампаніі і працягнуў гэтую лінію ўжо ў якасьці кіраўніка Белага дома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іміграцыйная рэформа Трампа: хто выйграе, а хто прайграе