Колькасьць сьмерцяў з прычыны заражэньня новым каранавірусам у Кітаі ўзрасла да 106, на 27 студзеня ўлады афіцыйна пацьвердзілі 4515 выпадкаў захворваньня, паведаміў 28 студзеня дзяржаўны камітэт КНР у пытаньнях аховы здароўя.
27 студзеня зарэгістравалі 1771 новых выпадкаў захворваньня (зь іх 516 — цяжкія) і 26 новых сьмерцяў (24 — у правінцыі Хубэй, па 1 — у Пэкіне і Хайнані).
Кітайскія чыноўнікі заявілі, што здольнасьць вірусу да распаўсюджваньня расьце. Лякарні гораду Ўхань, дзе ўпершыню выявілі вірус, штодня прымаюць каля 15 тысяч пацыентаў — у пяць разоў больш, чым звычайна, паведамляе агенцтва «Сіньхуа».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кітай перасьцярог, што каранавірус робіцца штораз мацнейшы27 студзеня першы выпадак заражэньня каранавірусам пацьвердзілі ў Нямеччыне. Раней былі зафіксаваныя выпадкі захворваньня ў Камбоджы, Шры-Ланцы, Малайзіі, Паўднёвай Карэі, Тайвані, Тайляндзе, Канадзе, Нэпале, Віетнаме, Саудаўскай Арабіі, Сынгапуры, Японіі, ЗША, Францыі і Аўстраліі.
Манголія, Паўночная Карэя і Кіргізстан абвясьцілі пра закрыцьцё сваіх межаў з Кітаем, а Ганконг і Малайзія — што яны забараняюць уезд наведнікам з кітайскай правінцыі Хубэй, адкуль вірус пачаў распаўсюджвацца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Супакойвае, што хварэюць старыя людзі і толькі кітайцы». Апошнія навіны аб эпідэміі ад беларускі з Кітаю
Як засьцерагчыся ад новага вірусу
Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, гарачкай і цяжкім дыханьнем, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; вірус можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
Сусьветная арганізацыя аховы здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, ня есьці слаба апрацаванага (недасмажанага або недаваранага) мяса.
Свае рэкамэндацыі давалі таксама беларускія мэдыкі — у дадатак да таго яны раяць мыць рукі з вадкім мылам і вадой, выкарыстоўваць антысэптычныя сродкі на сьпіртавай аснове, асабліва пасьля кантакту з парэнчамі, дзьвярнымі ручкамі ды іншымі рэчамі ў грамадзкіх месцах, а таксама пасьля кашлю і чханьня. У раёнах, дзе заўважылі вірус, раяць не хадзіць на рынкі морапрадуктаў, жывых птушак і жывёлаў, фэрмэрскіх прадуктаў, пазьбягаць кантактаў з жывёламі і птушкамі.