Дырэктар Слуцкага цукроварафінаднага камбінату Мікалай Пруднік можа быць адным з пасажыраў рэйсу «Белавія» зь Менску ў Мюнхэн, якіх зьнялі з самалёта ў Горадні. Што пра яго кажуць у Слуцку?
«Скарбаў у яго дакладна не было»
«Вельмі добры чалавек, што б пра яго ні сказалі, людзі не павераць», — кажа пра Прудніка жыхарка Слуцку. У горадзе згадваюць, што Слуцкі камбінат быў апошнім, які прымусілі перадаць 70% акцый дзяржаве.
«На камбінаце вельмі моцная сыстэма сацыяльнай абароны. Жанчынам у дэкрэце даплачвае прадпрыемства. Мая дачка ў дэкрэце, як там працавала, атрымлівала да 1000 рублёў», — кажа Жанна са Слуцку.
Людзі кажуць, што заробкі на камбінаце — 700–800 рублёў.
Уладзімер, сусед Мікалая Прудніка, у віну кіраўніка камбінату ня верыць:
«Звышпрыбыткаў я ў яго ня бачыў. Машына ў яго добрая, але ж дырэктар. Скарбаў у яго дакладна не было. Калі ў яго рабілі рамонт, дык мне давалі яго ключы. Былі б якія скарбы схаваныя, дык не пакінуў бы ключоў».
Жывуць Пруднікі тут з 1978 году. Дом прыбудаваны на суседняга.
«Спараныя. Цяпер так ня робяць. Сваімі рукамі будавалі. Ён тады працаваў майстрам на буракапункце. Адтуль дарос да дырэктара. Ён гаспадар, сам усё можа рабіць і робіць. Падымаецца рана і працуе», — кажа Ўладзімер пра Прудніка.
Сам ён працуе сьлесарам на тым жа цукровым камбінаце. Зарабляе недзе 700 рублёў.
Тым, як Пруднік абнавіў вытворчасьць на камбінаце, Уладзімер захапляецца. «Плацяць добра, але і пытаюцца з працаўнікоў строга. На прахадных стаяць алькатэстэры, ледзь пах алькаголю будзе — на працу ня ўвойдзеш». Ён згадвае, як летась Аляксандар Лукашэнка прыяжджаў на камбінат, дык быў зьдзіўлены высокім узроўнем вытворчасьці.
«Найлепшых забіраюць. Навошта гэта рабіць, хіба 37 год?» — абураецца магчымым затрыманьнем дырэктара ягоны сусед Уладзімер.
Ён таксама абураны тым, як дзяржава адабрала кантрольны пакет акцый камбінату.
«У мяне было 400 акцый, адзін год быў атрымаў на іх дывідэндаў 4 тысячы даляраў, вокны вунь памяняў. А цяпер дзяржава хітра зрабіла, кантрольны пакет аддалі Менаблвыканкаму, акцыі мае абясцэніліся. Апошні раз, летась, атрымаў на іх недзе даляраў 500», — кажа мужчына.
«Дырэктар у адпачынку, больш нічога ня ведаю»
«Мікалай Паўлавіч зь пятніцы ў адпачынку, — сказалі Свабодзе ў прыёмнай прадпрыемства. — Ён напісаў заяву на водпуск працягласьцю два тыдні. Гэта ўсё, што я магу вам сказаць».
Намесьнік дырэктара па ідэалёгіі цукроварафінаднага камбінату ў Слуцку Яўген Шапавалаў сказаў карэспандэнту Свабоды, што ня ведае, дзе цяпер генэральны дырэктар прадпрыемства Мікалай Пруднік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры з чатырох цукровых камбінатаў, кіраўнікоў якіх нібыта затрымалі, працуюць са стратамі«Ён у плянавым адпачынку зь пятніцы», — кажа Шапавалаў, але дадае, што на сувязь дырэктар з таго часу не выходзіў. Ці працавала на камбінаце сьледчая група і ці выклікалі супрацоўнікаў на допыты, Шапавалаву таксама невядома.
Яўген Шапавалаў кажа пра Прудніка як пра вельмі добрага кіраўніка, на якім «тут усё трымаецца». Пруднік працуе дырэктарам заводу з 2004 году, раней быў намесьнікам, прыйшоў на камбінат з пасады кіраўніка нарыхтоўчага пункту.
«Такімі людзьмі нельга раскідацца», — лічыць Шапавалаў. Пра сувязі з Гарадзейскім і Жабінкаўскім цукровымі заводамі сказаў, што калегі зь іх часта бываюць у Слуцку, дзеляцца досьведам. Работнікі са Слуцку таксама часта езьдзяць на іншыя цукровыя прадпрыемствы.
Работнікі Слуцкага цукровага камбінату, якіх журналіст сустрэў каля прахадной, размаўляць адмовіліся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-кіраўнік Магілёўшчыны хоча спагнаць са СМІ 5,2 мільёна эўра