27 студзеня ў судах Менску прайшлі суды над удзельнікамі акцый у падтрымку незалежнасьці Беларусі, супраць паглыбленай інтэграцыі з Расеяй, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Дзьмітрыю Казлову (блогер Шэры Кот) судзьдзя Тацяна Шоцік прысудзіла чарговыя 15 сутак арышту за акцыю ў Менску 8 сьнежня, паводле ч. 3 арт. 23.34 КаАП. Усе папярэднія суды над Казловым за сьнежаньскія акцыі сканчаліся аднолькава: 7 разоў па 15 сутак, агулам ужо 120 сутак арышту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блогеру Шэраму Кату прысудзілі 105 сутак за менскія пратэсты. І гэта яшчэ ня ўсёСам Казлоў на пасяджэньне не прыйшоў, яго інтарэсы прадстаўляла адвакатка. Яна заявіла адвод судзьдзі, які не задаволілі.
Сьведкамі выступілі міліцыянты Андрэй Ціханаў і Дзьмітры Каранеўскі. Ціханаў адмаўляўся сказаць, як ён апазнаў Казлова, бо ў рапарце пазначана, што асобу высьветліў пазьней, а ў судзе ён сказаў, што пазнаў блогера адразу. Шмат на якія пытаньні адказваў: «Ня памятаю». Каранеўскі сказаў у судзе, што ведаў Шэрага Ката як блогера, а пазьней вызначылі, што гэта менавіта Казлоў. Ніхто зь міліцыянтаў ня змог назваць дзеяньні ўдзельнікаў акцыі, якія парушалі б грамадзкі парадак, акрамя таго, што яны там проста знаходзіліся.
Вынікі іншых судоў 27 студзеня:
- Мікалай Статкевіч — штраф 1350 рублёў, паўторнае пасяджэньне суду за ўдзел у акцыі 20 сьнежня, судзьдзя Аляксей Кісьляк, суд Ленінскага раёну.
- Андрэй Кудзік — штраф 1080 рублёў за акцыю 8 сьнежня ў Менску, судзьдзя Аляксей Кісьляк.
- Дзіяна Серадзюк — штраф 1350 рублёў за ўдзел у акцыі 20 сьнежня ў Менску, судзьзя Максім Трусевіч, суд Першамайскага раёну.
- Лявон Баршчэўскі — штраф 810 рублёў, судзьдзя Іван Касцян, суд Цэнтральнага раёну.
- Пётра Садоўскі — штраф 810 рублёў за акцыю 7 сьнежня ў Менску, судзьдзя Тацяна Акавітая, суд Цэнтральнага раёну.
Цягам сьнежня і пачатку студзеня ў гарадах Беларусі ішлі суды за акцыі пратэсту. Агульная сума штрафаў за гэты час перавысіла 120 тысяч рублёў, 11 чалавек агулам асудзілі ўжо на 315 сутак арышту.